«Кароткая лаўка запасных». Спыталі ў экспертаў, чаму Лукашэнка зняў ранейшага прэм'ера Галоўчанку і прызначыў Турчына новым
10 сакавiка 2025 у 1741630140
Якуб Пушноў / «Зеркало»
Урад Беларусі склаў паўнамоцтвы 3 лютага, але Лукашэнка чыноўнікаў не адпусціў. Толькі праз месяц, 3 сакавіка, ён часткова агучыў новы склад, не называючы прэм'ер-міністра. Інтрыга заключалася ў тым, ці застанецца Раман Галоўчанка на гэтай пасадзе. І вось праз тыдзень стала вядома, што не застанецца, а пойдзе ў Нацбанк. Новым прэм'ерам стаў кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын, які быў віцэ-прэм'ерам у часы «рэфарматарскага» ўрада Сяргея Румаса. «Люстэрка» спытала ў экспертаў пра значэнне гэтых перастановак. Ці можна разлічваць, што вяртанне Турчына ва ўрад - прадвесце будучых рынкавых рэформаў?

Новы прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын адносна малады - яму няма і 50 гадоў. У 2018 годзе, у разгар ліберальных рэформаў у Беларусі, Лукашэнка прызначыў яго першым віцэ-прэм'ерам ва ўрадзе Сяргея Румаса, які лічыўся прарынкавым.
Там Турчын курыраваў стратэгічныя галіны, уключаючы IT-сферу. Ён запомніўся сваімі ліберальнымі выказваннямі пра рынкавыя рэформы, дэкрыміналізацыю бізнесу, развіццё IT-краіны і гэтак далей. Турчын прабыў на гэтай пасадзе менш за паўтара года.
У кастрычніку 2019 года Лукашэнка замест яго прызначыў тагачаснага міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога (цяпер ён - кіраўнік Адміністрацыі палітыка). А віцэ-прэм'ера адправіў кіраваць Мінскай вобласцю. Абвяшчаючы пра яго прызначэнне прэм'ерам 10 сакавіка, Лукашэнка сказаў, што ў Турчына ёсць такія ж прэзідэнцкія схільнасці, як у яго.
«Турчын падаецца Лукашэнку найбольш кампетэнтным»
Заснавальнік Цэнтра новых ідэй, доктар палітычных навук Рыгор Астапеня лічыць, што прызначэнне Аляксандрам Лукашэнкам ужо правераных людзей у вярхоўку ўрада і Нацыянальнага банка сведчыць пра тое, што сістэме не хапае новых кадраў.
- У рэжыму досыць кароткая лаўка запасных, з якіх можна выбраць кагосьці новага на такія высокія пасады, - лічыць Астапеня. - Паколькі кадраў няшмат, Турчын падаецца Лукашэнку найбольш кампетэнтным. Да таго ж не ўсе хочуць быць прэм'ерамі. Гэта не самая прыемная пасада.
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман адзначае, што змена прэм'ер-міністра можа казаць пра рост апаратнай вагі Рамана Галоўчанкі. Прасцей кажучы, ягоны аўтарытэт сярод чыноўнікаў мог павялічыцца настолькі, што Лукашэнка пачаў баяцца гэтага.
- Відаць, непакоіла, што Галоўчанка - чалавек разважлівы і з амбіцыямі. Вядома, ён спрабуе гэта хаваць, але тое, што гэта прысутнічае, вельмі відавочна, - упэўнены Фрыдман.
Таму прызначэнне на пасаду прэм'ера Аляксандра Турчына эксперт называе «выбарам супраць Галоўчанкі».
- З пункту гледжання Лукашэнкі, той паспяховы прэм'ер - эканамічныя паказчыкі былі вельмі нядрэнныя з улікам санкцый, эканамічнага ціску з боку Захаду і вайны, - лічыць аналітык. - За Галоўчанкам Беларусь убудавалася ў расійскую ваенную эканоміку, а ў 2020 годзе ён асабіста здаў Лукашэнку тэст на трываласць.
«Калі сітуацыя зменіцца, Турчын паспрабуе пайсці ў рынкавым кірунку»
Такі ж тэст здаў пасля падзей 2020 года і Аляксандр Турчын, які кіраваў з 2019-га Мінскай вобласцю. Рыгор Астапеня адзначае, што пасада кіраўніка Мінаблвыканкама - гэта высокая пазіцыя ў структуры беларускай улады.
- Турчын не знаходзіўся там у высылцы, - упэўнены эксперт. - Мінская вобласць - гэта сталічны рэгіён, у якім хапае эканамічнага жыцця. Турчына досыць пазітыўна ўспрымаюць у бізнес-супольнасці, і ён добра спраўляецца з задачамі, якія перад ім ставяць.
Пры гэтым Лукашэнка нетыпова пахваліў Турчына. Ён заявіў, што новы прэм'ер-міністр мае «прэзідэнцкія схільнасці». У чым прычына такога кампліменту? Астапеня ўпэўнены, што такім чынам палітык падкрэсліў аўтарытэт Турчына ў сістэме ўлады.
- Лукашэнка разумее, што ў Турчына ёсць значны сацыяльны капітал сярод чыноўнікаў і нават сілавікоў, - разважае суразмоўца. - Новы прэм'ер успрымаецца сістэмай як дастаткова дасведчаны кіраўнік. З улікам таго, што так ці інакш набліжаецца транзіт улады, у Лукашэнкі і ўзнікаюць думкі пра тое, што хтосьці з чыноўнікаў можа быць і прэзідэнтам.
Ці можа прызначэнне былога чальца «ўрада рэфарматараў» Сяргея Румаса быць прадвеснікам будучых ліберальных ці хаця б рынкавых рэформаў у Беларусі? Аляксандр Фрыдман упэўнены, што разлічваць на гэта не варта.
- Турчын ужо заявіў, што ніякіх карэнных змяненняў не будзе, - нагадвае ён. - Але будуць новыя выклікі: незразумела, якім будзе замежнапалітычны курс, што Расія зробіць са сваёй ваеннай эканомікай. У Галоўчанкі была выразная і зразумелая магістральная лінія. А Турчын пацвердзіў гнуткасць. Калі трэба, ён працягне будаваць ваенную эканоміку. Сітуацыя зменіцца - паспрабуе яе разгрузіць і пайсці ў рынкавым кірунку.
Чытайце таксама