План «Перамога» — усё? Крыніцы сцвярджаюць, што на польскай барахолцы прадаюцца рэчы, набытыя для яго ўдзельнікаў
3 верасня 2024 у 1725356700
«Зеркало»
На польскім сайце прыватных абвестак з'явіліся дзясяткі «вайсковых» лотаў ад аднаго карыстальніка: тактычныя камізэлькі, гумовыя кулі, нажы, аднаразовыя кайданкі і многае іншае. Дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы паведамілі «Люстэрку», што ў мінулым гэтыя прадметы былі набытыя арганізацыяй BYPOL для патрэбаў плана «Перамога». Расказваем, што нам удалося даведацца пра распродаж.
У жніўні 2024 года карыстальнік пад нікам Aliaksandr апублікаваў на пляцоўцы OLX больш за 50 абвестак.
Самы дарагі лот - спадарожнікавыя тэлефоны Iridium 9555. Прадавец напісаў, што мае сем такіх прыладаў і хоча за кожную 3900 злотых (больш за 3200 беларускіх рублёў паводле курсу НБРБ на 2 верасня 2024 года).
У продажы таксама ёсць:
- 50 гумовых куляў,
- 30 пар пластыкавых аднаразовых кайданкоў,
- 28 тактычных камізэлек,
- 16 набораў паходных факелаў,
- 15 складных нажоў,
- 10 наплечных сумак для схаванага нашэння зброі,
- 10 вайсковых тактычных рамянёў,
- 10 ізраільскіх індывідуальных перавязачных пакетаў,
- чатыры акумулятары для рацый,
- падсумкі для пісталетных і вінтоўкавых магазінаў,
- дзве сцегнавыя кабуры для пісталета Glock,
- партатыўная радыёстанцыя,
- турыстычная аптэчка,
- спальны мяшок.
Гэты ж карыстальнік прадае разнастайныя прадметы для офіса і побыту: маніторы, ноўтбук, мікрафоны, прынтар, камеру, крэслы, настольную лямпу і нават невялікае смеццевае вядро.
На момант публікацыі актыўная 51 абвестка. Чатыры тавары ўжо купілі раней, яшчэ адзін, тактычная камізэлька, перастаў быць даступным у працэсе падрыхтоўкі гэтага тэксту.
Як падлічыла «Люстэрка», агульны кошт тавараў у продажы перавышае 50 тысяч злотых (больш за 41 тысячу беларускіх рублёў).
Прадавец абсталявання - карыстальнік пад нікам Aliaksandr - не пакінуў свайго тэлефона для сувязі з пакупнікамі. Журналістка «Люстэрка» даслала праз унутраны мэсэнджар платформы OLX паведамленне з просьбай звязацца і ўдакладніць дэталі.
- Прашу заплаціць праз OLX, і я адпраўлю вам пасылку, - каротка напісаў аўтар.
«Гэта ўсё экіпіроўка для спецгрупаў у Беларусь»
Крыніца, якая звярнулася ў рэдакцыю «Люстэрка», сцвярджае, што пазнала выстаўленае на продаж абсталяванне. Паводле яе, гэтыя рэчы раней былі закупленыя для патрэбаў плана «Перамога», да якога крыніца ў мінулым мела дачыненне.
- Гэта ўсё экіпіроўка для спецгрупаў у Беларусь: спадарожнікавыя тэлефоны, рацыі лічбавыя, - заявіў суразмоўца. На яго думку, гэтыя прадметы можна было ахвяраваць на патрэбы вайскоўцаў ва Украіне, а не прадаваць.
Іншая крыніца, якая таксама ў мінулым была звязаная з планам «Перамога», на просьбу «Люстэрка» вывучыла тавары - і пацвердзіла, што яны закупляліся для спецгрупаў. Суразмоўца звярнуў увагу на некалькі момантаў.
Па-першае, у абвестцы пра продаж рацыі на фота відаць спецыфічная налепка «Прг». Такая была і на рацыі, якую закуплялі для плана «Перамога».
Па-другое, на адным з фота тактычных камізэлек на этыкетцы ручкай напісана «Таран». Абедзве нашыя крыніцы сцвярджаюць, што гэта пазыўны аднаго з байцоў атрада «Атам"(падраздзяленне палка Каліноўскага, якое было сфармаванае з чальцоў BYPOL і ўдзельнікаў плана «Перамога»).
«Люстэрка» паспрабавала звязацца з Таранам, аднак ён адмовіўся ад кантакту з журналістамі. Цяпер абвестка з пазыўным выдаленая, аднак мы паспелі зрабіць скрыншоты.
Што кажуць у BYPOL і Офісе Святланы Ціханоўскай?
«Люстэрка» паспрабавала звязацца з кіраўніком BYPOL Аляксандрам Азаравым, каб даведацца, ці сапраўды гэтыя прадметы купляліся для плана «Перамога» і калі так - навошта спатрэбілася іх прадаваць. Аднак ён не адказаў на званкі і просьбы даць каментар, паведаміўшы, што знаходзіцца ў адпачынку да 14 верасня.
Таксама «Люстэрка» спрабавала звязацца з іншым публічным прадстаўніком арганізацыі Станіславам Лупаносавым. Але на нашыя званкі і паведамленні ён не адказаў.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары «Люстэрку» заявіў, што Офіс не мае дачынення да маёмасці BYPOL, прызначанай для плана «Перамога».
- Спадар Азараў быў зняты з пасады ў Кабінеце больш за год таму і не мае дачынення да працы Офіса і Кабінета. Доступаў да чат-боту плана «Перамога» быў пазбаўлены. Наконт маёмасці, якая выстаўленая на продаж, - у нас няма ніякай інфармацыі. Мы чакаем ад Аляксандра Азарава тлумачэнняў, - заявіў Франак Вячорка.