З дапамогай BELPOL «Люстэрка» атрымала матэрыялы каардынацыйнай нарады па супрацьдзеянні сэксуалізаванаму гвалту няпоўнагадовых, якая праходзіла ў канцы 2023 года. У іх — сумная статыстыка: за 10 месяцаў мінулага года больш за 1100 дзяцей па краіне пацярпела ад сэксуалізаванага гвалту. І вялікая частка прыпала на Віцебскую вобласць. Расказваем галоўнае з дакумента.
Паводле звестак Віцебскай абласной пракуратуры за 10 месяцаў 2023 года, з больш чым 1100 выпадкаў сэксуалізаванага гвалту ў краіне 408 адбылося ў Віцебскай вобласці.
— Амаль палова, — гаворыцца ў дакуменце.
Больш чым 95% пацярпелых было ад 1 да 15 гадоў. Больш дзяўчынак — іх было 306, а хлопчыкаў — 102. Амаль 40% пацярпелых (а дакладней, 155 дзяцей) на момант здзяйснення злачынства хадзілі ў дзіцячыя садкі. Яшчэ 204 вучыліся ў школах, а 57 — у каледжах і тэхнікумах.
Праўда, калі скласці ўсе пералічаныя выпадкі, то атрымліваецца, што агульная колькасць пацярпелых у Віцебскай вобласці — 418, а не 408, як сказана вышэй, магчыма, у справаздачу закралася памылка.
Яшчэ адзін трывожны момант, які падкрэсліваецца ў дакуменце, — гэта рост колькасці тых, хто здзяйсняў такія злачынствы (з 68 у пачатку года да 73 на кастрычнік 2023-га). Прычым сэксуалізаваны гвалт над дзецьмі ўсё часцей чыняць няпоўнагадовыя — іх колькасць вырасла ў шэсць разоў.
У 85% выпадкаў гвалтаўнікі — незнаёмыя людзі. Толькі ў 15% выпадкаў дзіця станавілася ахвярай бацькоў (біялагічных ці прыёмных) або іншых блізкіх сваякоў.
«Прынятыя кіраўнічыя рашэнні не здольныя ўплываць на стан працы ў сферы абароны правоў дзяцей»
— Мясцовыя органы ўлады, камісіі па справах няпоўнагадовых, органы ўнутраных справаў у недастатковай ступені надаюць увагу негатыўным тэндэнцыям, — тлумачыць пракуратура.
Адной з прычын высокага ўзроўню сэксуалізаванага гвалту над дзецьмі яна называе фармальны падыход да праблемы ў шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці. Перш за ўсё з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама камісій па справах няпоўнагадовых.
— Часта прынятыя кіраўнічыя рашэнні не здольныя ўплываць на стан працы ў сферы абароны правоў дзяцей і моладзі, — канстатуюць сілавікі.
Так, у некаторых выпадках сацыяльныя службы «нясвоечасова выяўлялі прыкметы гвалту ў дачыненні да дзяцей» у сям'і. Або «неналежна арганізоўвалі суправаджэнне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы», калі неабходнасць іх абароны была «відавочная». Гэта стала адной з прычын злачынстваў у Віцебску, Наваполацку, а таксама Дубровенскім, Аршанскім, Полацкім, Расонскім і Талачынскім раёнах вобласці.
Яшчэ адна праблема, на якую звяртаюць увагу ў дакуменце, — парушэнні падчас прыёму на працу ва ўстановы адукацыі. А таксама тое, што педагогі не інфармуюць пра прыкметы гвалту і не дапамагаюць вучням на належным узроўні. У выніку толькі за першыя 10 месяцаў 2023 года чатыры супрацоўнікі ўстановаў адукацыі ўчынілі над дзецьмі сэксуалізаваны гвалт. Гэта адбылося ў Віцебску, а таксама ў Глыбоцкім і Шумілінскім раёнах.
Частку злачынстваў здзяйснялі людзі, якія ўжо стаяць на ўліку ў органах унутраных справаў. Прычым некаторых з іх раней судзілі за злачынствы той самай катэгорыі. На падставе гэтага ў дакуменце робяць выснову: сілавікі не могуць належным чынам праводзіць індывідуальную прафілактыку паўторных злачынстваў, а кіраўніцтва АУС недастаткова кантралююць падначаленых.
Таксама абласная пракуратура адзначае, што «органы, якія ажыццяўляюць прафілактыку сэксуалізаванага гвалту і эксплуатацыі няпоўнагадовых», часта своечасова не паведамлялі ў міліцыю пра ранняе полавае жыццё дзяцей. Гэта называецца «парушэннем патрабаванняў Нацыянальнага механізму аказання дапамогі няпоўнагадовым» і, на думку пракуратуры, спрыяе росту выпадкаў гвалту.
Што прапануюць рабіць?
Апісанне сітуацыі і пералік праблем займае ў дакуменце каля 2,5 друкаванай старонкі. Астатнія шэсць — гэта ўказанні розным ведамствам.
Напрыклад, у 2024 годзе Віцебскі аблвыканкам мусіў наладзіць камунікацыю паміж ведамствамі для вырашэння праблемы гвалту над дзецьмі, сістэмна інфармаваць людзей пра дапамогу пацярпелым ад сэксуалізаванага гвалту. А таксама правесці паседжанне камісіі па справах няпоўнагадовых у дачыненні да дзяцей, сем'і якіх не раз ставілі ў СНС.
Упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама абавязалі высветліць, чаму асабістыя справы супрацоўнікаў, якія працуюць непасрэдна з дзецьмі, не вывучылі ў належнай ступені. І «прыняць меры» ў дачыненні да вінаватых. А яшчэ арганізаваць правядзенне бацькоўскіх сходаў, на якіх раскажуць пра прафілактыку сэксуалізаванага гвалту, вывучыць асаблівасці падлеткавых субкультур, забяспечыць установам адукацыі магчымасць праводзіць расследаванні «распусных дзеянняў у сям'і» і гэтак далей.
Спіс распараджэнняў таксама паставілі перад УУС, галоўным упраўленнем па ахове здароўя і ўпраўленнем культуры Віцебскага аблвыканкама, УСК па Віцебскай вобласці і пракуратурай.
Чытайце таксама