1. Чиновники много рассуждают, что сделать, чтобы медработники не уезжали из страны. Медсестра из минской больницы дала им простой ответ
  2. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  3. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  4. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  5. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  6. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  7. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  8. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  9. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  10. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  11. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  12. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  13. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  14. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
Читать по-русски


/

Пасля 2020 года большасць судовых працэсаў, пра якія расказваюць у СМІ, палітычныя, але так было не заўсёды. У краіне адбывалася нямала гучных злачынстваў, пра якія шмат пісалі. Пра тое, як пасля прысудаў складваецца лёс герояў гэтых рэпартажаў, часта нічога не вядома. «Люстэрка» паразмаўляла з экс-палітвязнямі, якія, адбываючы пакаранне, перасякаліся з тымі, хто здзейсніў злачынствы, пра якія гаварыла ўся Беларусь.

Станислав и Илья Костевы в суде. Фото: TUT.BY
Станіслаў і Ілля Косцевы ў Магілёўскім абласным судзе, 2020 год. Фота: TUT.BY

«Канваіры перастрахоўваліся, каб браты з сабой што-небудзь не зрабілі»

У студзені 2020-га Іллю і Станіслава Косцевых асудзілі на смерць за забойства настаўніцы ў Чэрыкаве. Як падлічылі эксперты, браты нанеслі ёй больш за 140 нажавых раненняў, а потым падпалілі дом, каб схаваць цела. У красавіку 2021-га стала вядома, што іх памілавалі і замянілі пакаранне на пажыццёвае. Да таго як гэта адбылося, Косцевы знаходзіліся ў СІЗА № 1 на Валадарскага. У чэрвені 2020-га ў суседняй з імі камеры апынуўся цяпер ужо былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

— Калі мяне арыштавалі, першыя тры месяцы трымалі ў спецкорпусе. Як пазней патлумачылі, гэта частка будынка, дзе сядзяць небяспечныя злачынцы. Хоць людзі там знаходзіліся розныя, — апісвае становішча ён. — Звярнуў увагу, што ў камеры насупраць кантралёры часта адкрывалі «кармушку», размаўлялі з тымі, хто ўнутры, анекдоты расказвалі. Ні з кім так сябе ніхто не паводзіў.

Па галасах Аляксандр зразумеў, што яго суседзі — маладыя хлопцы. У аднаго з супрацоўнікаў СІЗА Кабанаў спытаў, што гэта за хлопцы. Той адказаў: «Браты, якія забілі настаўніцу».

— Ён сказаў, мы ўсе разумеем, гэтае злачынства не цягне на «вышку» (смяротнае пакаранне. — Заўв. рэд.), і каб іх узбадзёрыць, з імі размаўляем. Хлопцаў шкада, — перадае тую гутарку экс-палітвязень. — Да таго ж канваіры перастрахоўваліся, каб браты з сабой што-небудзь не зрабілі. З дапамогай рамзоваў спрабавалі неяк вярнуць іх у нармальны стан.

У камеры Косцевы былі ўдвух. Калі іх выводзілі ў душ ці да адваката, Аляксандр чуў, як адкрывалася «кармушка» і зашчоўкваліся кайданкі. З калідора даносіўся брэх аўчарак і рэзкі пах сабак.

— Калі яны хадзілі на прагулкі ва ўнутраны дворык, сабак не было, — адзначае суразмоўца.

Дзе менавіта цяпер знаходзяцца браты Косцевы, невядома. Увесну 2023-га сюжэт пра іх выйшаў на дзяржтэлеканале news.by. У ім сказалі, што маладыя людзі ў турме. На кадрах яны за кратамі, на іх аранжавая спецвопратка.

Илья и Станислав (слева направо), 2023 год. Скриншот: news.by
Ілля і Станіслаў (злева направа), 2023 год. Скрыншот: news.by

— Чаму [гэта здарылася]? Праз п’янку, хутчэй за ўсё, бо былі нападпітку і не змаглі сябе своечасова стрымаць, пракантраляваць свой учынак, — агучваў матывы здарэння Ілля. — Большасць з таго, што там было, я ўжо проста не памятаю. Кожны дзень спрабую ўспомніць, каб карціна была яснейшая, але не магу.

«Сказаў, я з ім у адной камеры сядзець не буду, няхай ідзе куды хоча»

Сергей Овечкин. Фото: nn.by
Сяргей Авечкін. Фота: nn.by

Улетку 2021-га жыхар Віцебска Сяргей Авечкін нажом ударыў месячную дачку, а пазней напаў на жонку. Не даваў выклікаць хуткую малой, якая яшчэ дыхала. Дзяўчынка памерла, яе мама, нягледзячы на раны, засталася жывая. У лютым 2022-га суд асудзіў мужчыну на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Увесну ён зайшоў у камеру магілёўскай турмы № 4, дзе ў гэты час сядзеў і Аляксандр Кабанаў.

— Чалавек, калі прыходзіць, не абавязаны нічога расказваць па сваёй справе. Проста называе тэрмін і артыкул. Наколькі памятаю, месяцы паўтара-два ён хаваў, што за забойства здзейсніў, але потым мы яго раскруцілі, — успамінае суразмоўца. — Ён сказаў, што з каранціну трапіў спачатку ў адну камеру, а потым ужо ў нашую. Да нас ён прыйшоў без нічога. Гэта здзівіла. Звычайна, калі чалавека пераводзяць, яму збіраюць «кешар», то-бок дзеляцца тым, што ў абшчаку, — цыгарэтамі, гарбатай. Спыталі, чаму табе нічога не далі, адказаў: «Не ведаю». Высветлілі, хто там сядзіць, аказалася, нармальныя хлопцы. Гэта быў першы званочак.

Другі — паводзіны чалавека. Аляксандр тлумачыць, што ў турме ёсць рэчы, пра якія не гавораць, — адносіны ў сям'і, з жанчынамі. Сяргея некалькі разоў папрасілі гэтую тэму не падымаць, але ён усё роўна да яе вяртаўся. Трэці — віцяблянін — з ходу пачаў цікавіцца, як стаць крымінальным аўтарытэтам.

— У камеры са мной сядзелі людзі, якія ўжо прайшлі турмы. Адзін чалавек, напрыклад, адседзеў 23 гады. У яго былі і забойствы, і рабаванні. Ён з блатнога свету, хоць паводзіў сябе з намі нармальна. Гэты хлопец (гаворка пра Сяргея. — Заўв. рэд.) адразу спытаў яго: «Як мне стаць на блатную педаль?» А гэта шматузроўневы квэст, — кажа Кабанаў. — Той адказвае: «Паслухай, а ты паперы падпісваў? Паказанні даваў?» Кажа: «Так». Той яму: «Усё, забудзь». Бо першы крок — гэта поўнае адмаўленне. Сяргей не супакойваўся: «Мне столькі сядзець, хачу масці нейкія набіць». Той яму: «Дурань, ты мусіш думаць, як табе адсюль выйсці жывым, здаровым і пры розуме». Яшчэ ўдакладніў: «Ты хоць пачак цыгарэт ці піражок скраў на волі?» Ён: «Не». — «Ну дык куды ты сабраўся? Гэта зладзейскі свет, тут людзі жывуць паняццямі, якіх у цябе ў галаве нават блізка няма», — адказваў той.

Паводле Аляксандра, бацькі Сяргея падтрымлівалі, слалі лісты. У адзін з дзён мужчына сядзеў за сталом і раптам пачаў моцна плакаць. Калі яго спыталі, што здарылася, ён сказаў, сёння ў яго дачкі дзень нараджэння. Зняволеныя адрэагавалі на гэтую інфармацыю спакойна: свята як свята. Авечкін стаў паўтараць: «Вы нічога не разумееце».

— Хлопцы яму кажуць, дык скажы, што з табой, каб мы разумелі, што рабіць, калі ў цябе істэрыкі. І ён пачаў са свайго нараджэння. Гэты аповед доўжыўся гадзіны тры, напэўна. Мне здаецца, ён так адцягваў канцоўку. Потым падышоў да жаніцьбы, сямейных скандалаў, — успамінае Кабанаў. — Калі пачаў набліжацца да таго, што зрабіў з дзіцем, мне было рэальна страшна слухаць, хацелася сказаць: «Заткніся!» У камеры цішыня, усе сядзелі ахранелыя, хоць там былі людзі, якія забівалі, рабавалі. Але ім гэта таксама было жудасна чуць… Ён плакаў праз тое, што на магіле (як ён потым тлумачыў) паставілі крыжык з прозвішчам жонкі, а не яго. Яшчэ прагучала: «Увесь Віцебск быў на маім баку». Пасля ён змоўк.

Пачуўшы гэтую гісторыю, мужчыны ў камеры паднялі пытанне, што рабіць з Сяргеем. Яму забаранілі карыстацца «абшчаком».

— Я сказаў, з ім у адной камеры сядзець не буду, няхай ідзе куды хоча, — расказвае экс-палітвязень. — Прыкладна раз на два тыдні нас наведваў бацюшка. Так выйшла, што недзе за дзень да гэтай гісторыі ён прыйшоў. Звычайна мы да яго ходзім усёй камерай, але Авечкін папрасіўся застацца з ім сам-насам. Потым была нашая чарга. Айцец Раман пачаў расказваць пра хрысціянскія каштоўнасці, што трэба дараваць бліжняму свайму. У камеры практычна ўсе вернікі аказаліся і з задавальненнем да яго хадзілі. Адказалі, што ўсё разумеем, але мы не анёлы і не можам знаходзіцца побач з такім чалавекам, дзяліць з ім хлеб.

Наколькі памятае Аляксандр, Сяргей Авечкін напісаў заяву, і праз некалькі дзён яго перавялі.

— Потым чуў, што ён ломіцца і адтуль. Чаму? Наўрад ці яго і там прынялі. Звычайна такія людзі сядзяць самі, — тлумачыць Аляксандр. — Неўзабаве мяне адправілі на першы паверх, і я даведаўся, што ён у адзіночцы. Што да стаўлення мясцовых кантралёраў да яго, то яно да ўсіх аднолькавае. Адзінае, некалькі з іх чаплялася да «палітычных». За ўвесь час там я ўбачыў толькі аднаго зняволенага, якога вадзілі ў кайданках і з сабакам. Ён сядзіць, па-мойму, 25 гадоў. Калі ён знаходзіўся па суседстве ад мяне ў адзіночцы, чуў, што ён вельмі агрэсіўна размаўляў з супрацоўнікамі. Пра ягоную справу ніхто толкам нічога не расказваў. Думаю, гэта нейкае забойства з 1990-х.

«Адразу яна мне здалася спакойнай, разумнай дзяўчынай»

Виктор Сергель и Наталья Колб в суде. Фото: TUT.BY
Віктар Сергель і Наталля Колб у Брэсцкім абласным судзе, 2019 год. Фота: TUT.BY

У 2018 годзе Наталля Колб і яе знаёмы Віктар Сергель забілі васьмімесячную дачку жанчыны. Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц тады паведамілі журналістам, што цела малой ляжала ў лужыне крыві, галава была асобна. Суд асудзіў Віктара на расстрэл, Наталлю — на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне яна адбывае ў ПК-4 У Гомелі. Амаль увесь 2023 год у адным атрадзе з ёй знаходзілася экс-палітзняволеная Крысціна. Дзяўчыну размеркавалі сюды пасля каранціну, так яны і пазнаёміліся.

— Мы камунікавалі досыць блізка. Размаўлялі на іншыя тэмы. Я магла ёй даверыцца, ведала, яна не выдасць. На фабрыцы мы ўваходзілі ў адну брыгаду, нашыя машынкі стаялі побач. За гады ў калоніі яна навучылася шыць, таму як працаўніца яна вельмі добрая. Робіць усё хутка і якасна. Яе хваляць, — апісвае Наталлю Крысціна. — Першапачаткова падумала, што яна «палітычная», бо ў яе жоўтая бірка, то-бок прафулік. Адразу яна мне падалася спакойнай, разумнай дзяўчынай. Такое ўражанне рабіла і ў далейшым. Адзінае, часам магла беспадстаўна пакрыўдзіцца, псіхануць.

Чаму Наталля трапіла ў калонію, яны з Крысцінай не абмяркоўвалі. Суразмоўніца кажа, што ва ўсім, што датычыла яе гісторыі, Колб ёй здавалася досыць утойлівай. Пра яе злачынства экс-палітзняволеная даведаўся ад іншых жанчын.

— Вядома, гэта было шокам. Так адбываецца заўсёды, калі чуеш такое. Хоць, у прынцыпе, з забойцамі я да гэтага кантактавала ў СІЗА шмат разоў. Для сябе вырашыла, што ў такіх месцах, размаўляючы з людзьмі, варта аддзяляць артыкул і чалавека, — разважае Крысціна. — У 2023-м да свайго тэрміну Наташа ставілася па-філасофску, з прыняццем, пакорай. З таго, што чула, у першыя гады яна не была такой спакойнай, лезла ў канфлікты. Наколькі ведаю, бацькі з ёй адразу не размаўлялі, але цяпер ужо адталі, падтрымліваюць, прыязджаюць на спатканні.

Як успрымаюць у калоніі жанчын, якія забілі сваіх дзяцей? Крысціна кажа, што стаўленне да іх адразу негатыўнае.

— З маіх назіранняў, спачатку, калі яны прыязджаюць, дзяўчаты і супрацоўніцы ўспрымаюць іх як мярзотніц. Заўважала, што так было з Таратутай (у 2023-м Анастасія з мужам забілі трохгадовага сына. — Заўв. рэд.). З Наташай, наколькі ведаю, таксама, — успамінае Крысціна. — Потым усё забываецца. Скажу так, з боку работнікаў ПК да дзетазабойцаў стаўленне значна мякчэйшае і паважлівейшае, чым да «палітычных», і ўмовы пражывання ў іх лепшыя.

«Наколькі памятаю, у яго не было падтрымкі з волі»

Батыр в Минске. Фото: onliner.by
Батыр у Мінску. Фота: onliner.by

Батыр — грамадзянін Туркменістана, які забіў 37-гадовую мінчанку Юлію. Замежнік адсек ёй канечнасці, сабраў іх у сумку, выкінуў у Свіслач і ўцёк. У 2020-м маладога чалавека асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. У 2022 годзе экс-палітвязень Канстанцін (імя змененае) бачыўся з ім у Наваполацкай ПК-1. Разам яны працавалі на дрэваапрацоўцы, перавозілі дошкі ад тых, хто іх пілаваў, да тых, хто рабіў палеты.

— Някепскі хлопец, спакойны, маўклівы. Было бачна, што адкрыты чалавек. Усе добра да яго ставіліся, бо ён багата чаго рабіў па атрадзе. Наколькі памятаю, у яго не было падтрымкі з волі, таму дапамагаў іншым, напрыклад, прыбіраў пакоі, а яны яму ўзамен нешта давалі. Тыя ж папіросы, — успамінае суразмоўца. — Ён спаў у секцыі з Дзмітрычам (гаворка пра Віктара Бабарыку. — Заўв. рэд.). Наколькі разумею, выпадковыя людзі туды не трапляюць. Але Дзмітрыч да яго таксама добра ставіўся. Пастаянна даваў штосьці паесці смачнага, увогуле, ён з усімі з павагай абыходзіўся.

Адносіны ў Канстанціна з Батырам склаліся нядрэнныя, таму аднойчы беларус нават адважыўся спытаць пра падрабязнасці яго справы. Наколькі памятае экс-палітвязень, туркмен казаў, што паміж ім і Юліяй узнік канфлікт.

— Ён казаў, у памяці ўсё абрывіста. Памятаў, што ўзяў яе за шыю, штосьці бухаў трохі, кінуў на падлогу і пайшоў да свайго пакоя (эксперты высветлілі, што пасля сумеснага распівання спіртнога ён яе згвалціў і задушыў. — Заўв. рэд.). Сядзеў нейкі час, калі зразумеў, што ў пакоі нічога не чуваць, вырашыў праверыць, ці ўсё добра, а яна ляжыць у тым жа стане, як ён яе пакінуў, — перадае тую гутарку экс-палітвязень. — Казаў, яму стала страшна, не ведаў, што рабіць… Ну і вядома, што зрабіў. Пасля ён паехаў, падаецца, у Віцебск, там яго і затрымалі. Калі ён пра гэта распавядаў, было бачна, яму цяжка гэта гаварыць, і ён жалуе, што так адбылося.

«Паводле маіх адчуванняў, у яго заўсёды адзін выраз твару — спакойная маска»

Константин Козлов
Канстанцін Казлоў у судзе Заводскага раёна Мінска, 2014 года. Фота: onliner.by

У 2013 годзе мінскі праграміст Канстанцін Казлоў забіў сваю былую жонку, кіраўніцу клуба лучнікаў Ганну Сардэчкіну. Пасля ён раздзяліў труп і схаваў рэшткі. Мужчыну асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. Паводле звестак на 2023-і ён сядзеў у ПК-17 у Шклове. Тут з ім пазнаёміўся экс-палітвязень Аляксандр (імя змененае).

— Пачуў, як людзі, кагосьці абмяркоўваючы, казалі: «Сякера, сякера». Спытаў, чаму сякера. Мне расказалі пра яго. Падышоў пазнаёміцца. У яго мянушка Косця-сякера, што нядзіўна, — разважае Аляксандр. — На той момант ён быў у гасатрадзе, які працуе ў сталоўцы. Але Казлоў там не сядзеў, ён працаваў днявальным на выдачы пасылак. Збіраў зняволеных, адводзіў па перадачы і дапамагаў адміністрацыі іх выдаваць. А наогул, у калоніі ён заняўся боксам, шмат чытаў. Мне падалося, ён утойлівы, але не агрэсіўны. Мала з кім меў зносіны. Іншыя зняволеныя ставяцца да яго нейтральна. Ды ў яго і самога пазіцыя, што ён з усімі і ні з кім, заўсёды ў кнігах. Ці перажываў ён праз тое, што зрабіў? Натуральна, я такога не пытаў. Вонкава таксама не скажаш. Паводле маіх адчуванняў, у яго заўсёды адзін выраз твару — спакойная маска. Ён можа недзе ўсміхнуцца, але эмоцыі на мінімуме.

«Казалі, у калоніі яго цураліся»

Владислав Казакевич в Минском городском суде, 2017 год. Фото: TUT.BY
Уладзіслаў Казакевіч у Мінскім гарадскім судзе, 2017 год. Фота: TUT.BY

Восенню 2016-га Уладзіслаў Казакевіч з бензапілой напаў на наведнікаў мінскага гандлёвага цэнтра. У выніку злачынства загінула 43-гадовая Алена Александронец, яшчэ дзве жанчыны пацярпелі. Маладога чалавека асудзілі на 15 гадоў зняволення. Пакаранне ён адбываў у шклоўскай ПК-17, дзе накінуўся на супрацоўнікаў. У 2018-м яму змянілі тэрмін і прызначылі ўжо 22 гады. Пяць з іх ён мусіў прабыць у турме, астатнія 17 — у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

— У Шклоў я прыехаў у 2023-м, таму яго не заспеў. Апошняя інфармацыя, якую пра яго чуў, — яго перавезлі ў Магілёў на турэмны рэжым (турма № 4. — Заўв. рэд.), — успамінае экс-палітвязень Аляксандр. — Казалі, у калоніі яго цураліся. Хоць, як кажуць, ён быў вельмі небяспечны. Мог што-небудзь такое сказаць, што яго лішні раз стараліся не чапаць. Усё ж, калі ў атрадзе спіш, што заўгодна можа здарыцца, і ніхто цябе не абароніць. У нас быў падобны чалавек на Валадарцы. Аднойчы ён паабяцаў усіх перарэзаць. Ноч камерай не спалі, дзяжурылі. Хлопцы ўспаміналі словы Казакевіча пра тое, што ён хоча смяротнага пакарання і будзе да гэтага ісці.

Аляксандр не ведае, ці працаваў у калоніі Уладзіслаў. З таго, што ён чуў, малады чалавек часта сядзеў у ШІЗА.

— Як расказвалі, ён увесь час нарываўся, — успамінае суразмоўца. — Дарэчы, Казакевіч жа напаў на першага намесніка начальніка калоніі. Яго, па сутнасці, выратаваў кантралёр. Дык вось, яго ў падзяку перавялі на самае добрае месца для супрацоўнікаў адміністрацыі. Ён працуе на прыёме перадач.

«Што б ні здарылася, на яе твары ўсмешка»

Оксана Сорокина в Гомельском областном суде, 2015 год. Фото: TUT.BY
Аксана Сарокіна ў Гомельскім абласным судзе, 2015 год. Фота: TUT.BY

У 2015 годзе Аксана Сарокіна ўтапіла ў ванне сваіх дзяцей — 11-месячную Ангеліну і 2-гадовага Савелія. Суд асудзіў яе на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне яна адбывае ў ПК-4 Гомеля. У 2022 годзе тут з ёй перасеклася экс-палітзняволеная Анастасія (імя змененае).

— Яна стаяла на прафуліку. За што, не ведаю, але ў яе была жоўтая бірка. Тыя, у каго прафулік, выходзілі на дадатковыя праверкі, там я яе і ўбачыла, — расказвае суразмоўніца. — Па ёй нельга сказаць, перажывае яна ці не. Што б ні здарылася, на яе твары ўсмешка. Мне здаецца, гэтая ўсмешка не зусім здаровая (паводле экспертаў, у перыяд, калі Аксана здзейсніла злачынства, у яе дыягнаставаўся дысацыяльны разлад асобы, але ў момант забойства яна ўсведамляла, што робіць. — Заўв. рэд.). Яна вельмі худзенькая. Па-мойму, у яе няма пасылак і перадач, але на званкі ходзіць. Наколькі ведаю, яна камунікуе з прыёмнай сям’ёй, якая яе выхоўвала.

Аксана падалася Анастасіі чалавекам з буйным характарам, ад якога незразумела чаго чакаць.

— Аднойчы яе хтосьці дастаў на фабрыцы, але там рэальна справакавалі, яна схапілася за нажніцы, — успамінае суразмоўніца. — Была яшчэ адна сітуацыя. Аксана апынулася за адным сталом з бабай Пасяй. А баба Пася — асобны кадр. Мне заўсёды хацелася памыць ёй рот мылам, бо калі яна яго адкрывала, прабачце, здавалася, адтуль гаўно ліецца. Яна пачала казаць Сарокінай: «Дзетазабойца». Тая моцна раззлавалася, паляцелі талеркі. Іх абедзвюх адправілі ў ШІЗА, а потым Сарокіну перавялі ў іншы атрад.

Шые Аксана добра, успамінае Анастасія. Сяброў у жанчыны яна не заўважала.

— Чула, як на званках, калі ёй нешта не падабалася, яна магла крычаць, плакаць доўга, — дзеліцца назіраннямі суразмоўніца.

Аксана Сарокіна — не адзіная маці-забойца, з якой Анастасія перасеклася ў калоніі. Яна ўспамінае пра Вольгу, якая пазбавіла жыцця дваіх дзяцей, бо яны перашкаджалі ёй з сужыцелем. Трэці сын паспеў уцячы, кажа суразмоўніца. На бірцы ў яе быў напісаны тэрмін 20 гадоў, адбываць яго яна пачала ў 2008-м.

— Яна была ў нас брыгадзірам. У калектыве склалася жудасная псіхалагічная атмасфера. Мне здаецца, яна яе спецыяльна стварала. Магла гарлапаніць. Ніткі, тасьма, іншыя прадметы, якія патрэбныя для шыцця, захоўваліся ў яе. Здаралася, падчас змены чалавек падыходзіць, просіць, а яна яму: «Не дам, дзе вы раней былі». Хоць ніткі маглі скончыцца ў сярэдзіне дня. Чалавек хваляваўся, — расказвае былая палітзняволеная. — Заўважала, у брыгадзе яна выбірала сабе ахвяру і пачынала гнабіць. Калі атрымлівала рэакцыю, працягвала. Са мной яна таксама спрабавала так рабіць, але я адразу зразумела, што да чаго, і не давала ёй нагоды для радасці. Скажу, яна не дурная. І гэта яшчэ горш, бо, як мне здаецца, усе гэтыя правакацыі рабіла спецыяльна.

У брыгадзе машынка Анастасіі стаяла ў першым шэрагу, недалёка ад працоўнага месца Вольгі. Жанчына кажа, што тая знайшла ў ёй суразмоўніцу.

— Расказвала, што ёй старэйшы сын піша. Наколькі зразумела, здарылася гэта некалькі гадоў таму. Пра забітых дзяцей пры мне яна ніколі не ўспамінала — кажа экс-палітзняволеная. — Памятаю, як яны з заўгасам абмяркоўвалі амністыю да 17 верасня 2022 года. Адна іншай кажа: «Для нармальных артыкулаў зноў нічога». У яе забойства, у заўгасіхі — дзіцячая парнаграфія. Гэта для іх «нармальныя артыкулы».

«Не лезла з даверлівымі гутаркамі і сяброўствам»

Елена Тереня в суде Петриковского района, 2017 год. Фото: TUT.BY
Алена Цярэня ў судзе Петрыкаўскага раёна, 2017 год. Фота: TUT.BY

Жыхарка Петрыкаўскага раёна Алена Цярэня ў 2016 годзе забіла паштальёнку, якая ў той дзень разносіла пенсіі па дамах. Жанчыну асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне яна адбывае ў ПК-4 У Гомелі. У пачатку 2023-га яна была брыгадзірам на фабрыцы, у гэты перыяд пад яе кіраўніцтвам працавала цяпер ужо экс-палітзняволеная Ірына (імя змененае).

— Яна мне падалася вельмі жорсткай жанчынай, але без нейкай агрэсіі звярынай. Не лезла з даверлівымі гутаркамі і сяброўствам. Была сама па сабе, — дзеліцца ўражаннямі суразмоўніца. — Камунікавала з ёй толькі па працы, але, калі сыходзіла, яна кінулася мне на шыю. Ёй было шкада мяне як добрага супрацоўніка.

Паводле Ірыны, іншыя жанчыны ў калоніі ставіліся да Алены спакойна.

— За ўвесь час майго зняволення была ўсяго адна гісторыя, калі мы менавіта праз справу змянілі стаўленне да чалавека. У СІЗА нам падкінулі жанчыну гадоў 50, у белым паліто. Такая, здавалася б, інтэлігентная, з Расіі. Яе знялі з цягніка і абвінавацілі ў махлярстве, — апісвае сітуацыю экс-палітзняволеная. — У Беларусі ў яе нікога не было. З рэчаў з сабой — толькі тое, у чым затрымалі. Мы, натуральна, кінуліся яе карміць, дапамагаць. Праз лісты прасілі родных, каб знайшлі яе блізкіх і яна магла з імі звязацца. Так прайшоў тыдзень, другі. Яна пачала з намі размашляць, хтосьці з дзяўчат вывеў яе на шчырую гутарку, і высветлілася, што гэта махлярка, якая разводзіла нашых бабулек на грошы. Памятаеце выпадкі, калі тэлефануюць і кажуць: «Вашыя дзеці трапілі пад машыну»… Гэтая дзяўчына нам усё расказала. І тут нас як пераключыла. Махлярку мы паставілі перад фактам: прасіся ў іншую камеру, у гэтай ні падтрымкі, ні падкормкі табе не будзе. Яна спрабавала выкручвацца, але пазней напісала заяву і хуценька сышла.

«Усе выпускі навін, праграмы „60 хвілін“, Юра ля экрана»

Изображение используется в качестве иллюстрации. Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

У пачатку 2000-х у Брэсцкім абласным судзе вынеслі вердыкт па справе жыхара Пружанаў Юрыя Бязкроўнага. Яго асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Пазней, у 2003-м, Вярхоўны суд змяніў пакаранне на 25 гадоў пазбаўлення волі. У адзін з вечароў мужчына прапанаваў падвезці дзвюх 17-гадовых сябровак з дыскатэкі. Пазней адну з іх забіў, другая паспела ўцячы. Паводле звестак на лета 2023-га мужчына знаходзіўся ў ПК-2 у Бабруйску. Тут з ім перасякаўся экс-палітвязень Аляксей (імя змененае).

— Ён расказваў, што калісьці па многіх цяжкіх артыкулах зрэзалі нармальна тэрміны. Яму зменшылі, па-мойму, да 22,5 года, — успамінае ён. — У нашым атрадзе ён быў «кішаршчыкам». У перакладзе са слэнгу — адказным за пакой захоўвання асабістых рэчаў. Працаваць там асабліва не трэба, але адказнасць, вядома, ёсць, бо гэта рэчы людзей. Плюс выдача небяспечных інструментаў — нажы, нажніцы, будаўнічае абсталяванне.

Паводле Аляксея, колькі Юрый сядзіць, столькі глядзіць тэлевізар. Экс-палітвязню здалося, што мужчына цалкам згодны з цяперашнім парадкам у Расіі, Беларусі.

— Усе выпускі навін, праграмы «60 хвілін» — Юра ля экрана, — расказвае мужчына. — Ён руку на пульсе трымае і, як мне падалося, свята верыць, што вайна — гэта правільна. Пры тым што ён далёка не дурны і разумна разважае. Ён не адзін такі. Шмат людзей, хто доўга сядзіць, глядзяць тэлевізар і вераць таму, што там кажуць.

Як гэта — быць у калоніі столькі гадоў, Аляксей з Юрыем не абмяркоўваў. На гэтую тэму суразмоўца камунікаваў з іншымі вязнямі, якія ўжо даўно за кратамі.

— Яны расказвалі, што раней тэрмін лягчэй успрымаўся. Не было такога моцнага рэжыму. Былі тэлефоны, пліткі з патэльнямі, мянты лаяльнейшыя. А цяпер усё строга, як па інструкцыі мае быць, — перадае тыя гутаркі экс-палітвязень. — Вядома, жыццё ідзе, гады праходзяць, але ніхто не сумуе. Ведаў хлопца, яго ў 23 пасадзілі на 25 гадоў. Ён выйдзе ў 2044-м. Для мяне гэта, лічы, ніколі, але ён ведае, у адзін цудоўны дзень дзверы адчыняцца. Кажа: «Па барабане, мяне ў ШІЗА адправяць раз ці дзесяць. Важны 2044 год». Можа, вам траплялася на вочы кніга «Запіскі мёртвага дома» Дастаеўскага? Там яшчэ пра турму за царскімі часамі расказваецца. Па сутнасці, менталітэт зэка не памяняўся. Нават той, хто сядзіць усё жыццё, усё роўна верыць, што калі-небудзь выйдзе, — і будуе планы.

Чытайце таксама