Вось ужо год як Беларусь праз дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і ягоных падначаленых стала суўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны — улады дазволілі Расіі выкарыстоўваць для ўварвання тэрыторыю і паветраную прастору нашай краіны. З іншага боку, беларуская армія ўвесь гэты час не бярэ непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Такі стан, у якім Беларусь адначасова нібыта ваюе і не ваюе, знайшло адлюстраванне і ў заявах Лукашэнкі, якія ён рабіў цягам узброенага канфлікту. У гадавіну пачатку расійскай агрэсіі мы вырашылі ўспомніць, як змянялася ягоная рыторыка ў дачыненні да вайны: ад заклікаў да ўкраінскай капітуляцыі да сцверджанняў пра тое, што Кіеў знаходзіцца ў больш выгадным становішчы.
Люты: вайна за тры-чатыры дні і невядомы «мярзотнік», якога папярэджвалі
У лютым мінулага года свет ужо знаходзіўся ў трывожным чаканні пачатку расійскага ўварвання, пра якое папярэджвалі заходнія палітыкі і СМІ. 6 лютага 2022 года ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што «амерыканцы штурхаюць на вайну» Украіну, назваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «безгаловым» і сказаў, што Кіеў не будзе ваяваць з Мінскам, бо «гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні».
17 лютага, адказваючы на пытанне журналіста CNN пра тое, ці ёсць пагроза нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка заявіў: «Вы дагэтуль верыце, што мы будзем адсюль нападаць на Украіну, ці ў вас ўжо, прабачце, па-народнаму скажу, гэты „бздык“ прайшоў?» Развіваючы тэму, палітык прысароміў разведвальныя службы заходніх дзяржаваў, абвінаваціўшы іх у некампетэнтнасці: «Вы абвінавачвалі Расію і Беларусь, што мы ўварвёмся ўчора ва Украіну. Не ўварваліся. Значыць, вашая разведка і мільярды даляраў, якія вы марнуеце, нікчэмныя. Прызнайце хаця б гэта. <…> Гэта была проста клаўнада. І Захаду разам з кіраўніцтвам Украіны трэба прызнаць, што яны селі ў лужыну, мякка кажучы, зганьбіліся».
Аднак заходнія прагнозы спраўдзіліся: у ноч на 24 лютага 2022 года Расія развязала агрэсіўную вайну супраць Украіны — пачалося поўнамаштабнае ўзброенае ўварванне ў гэтую краіну. Расійская армія атакавала цэлі па ўсёй тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі, ужо ў першыя суткі пад удар трапілі жылыя дамы.
24 лютага на тэрміновай нарадзе з вайскоўцамі Лукашэнка заявіў, што папярэдзіў кіраўніцтва Украіны пра магчымую «спецаперацыю» (так у Расіі называюць цяперашнюю вайну). Па словах Лукашэнкі, неназваны прадстаўнік украінскага вайсковага кіраўніцтва, якога палітык назваў «мярзотнікам», не скарыстаўся яго парадай «неадкладна звязацца» з расійскім бокам «для таго, каб не пачалася гэтая бойня». Нейкіх доказаў вядзення такіх перамоваў Лукашэнка не прывёў — як і не растлумачыў, чаму адказнасць за «бойню» перакладае з агрэсара на ахвяру.
27 лютага Лукашэнка абазваў прэзідэнта Украіны, якая адбівала расійскае ўварванне, «малым напалеончыкам» і асудзіў Уладзіміра Зяленскага за ягоны зварот да беларускага народа, у якім той заклікаў нашую краіну «стаць той самай добрай, бяспечнай Беларуссю». Ён прызнаў, што з беларускай тэрыторыі запускаліся ракеты па Украіне, — але пры гэтым заявіў, што не даваў расіянам каманды на запуск. Адначасова палітык заявіў, што «ніякай вайны з тэрыторыі Беларусі не ідзе», што наўпрост супярэчыць як запускам ракет з беларускай зямлі, так і наступленню расійскіх войскаў з яе ж.
Сакавік: «а я вам зараз пакажу» і хуткая капітуляцыя Украіны
У першы вясновы месяц, калі стала зразумела, што маланкавай вайны «за тры-чатыры дні» не будзе, ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі пачала змяншацца. 3 сакавіка на ўручэнні дзяржузнагародаў у Палацы Незалежнасці ён падкрэсліў, што «мы не хочам ніякіх скандалаў, канфліктаў і ніякай вайны. Мы людзі мірныя. І хацелі б, каб вакол нас быў мір». Пры гэтым палітык, які асабіста адказны за ўцягванне Беларусі ў вайну, якое ўжо адбылося, сцвярджаў, што Беларусь «спрабуюць не проста ўжо ўкусіць», а «запіхнуць у вайну ва Украіне».
4 сакавіка на цырымоніі падпісання рашэнняў рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю Лукашэнка дапусціў, што ваенная параза Расіі наўпрост адаб’ецца на ім і яго прыхільніках: «Яны нас намёртва прышпілілі да Расіі. Ім трэба паваліць гэтую краіну, магутную ў ваенным плане. Але няўжо вы наіўныя людзі і не разумееце: калі толькі абрынецца Расія, наступнымі будзем мы. І нават не наступнымі — разам туды пойдзем».
11 сакавіка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве нарадзілася, мабыць, самая вядомая фраза Лукашэнкі пра цяперашнюю вайну. Спрабуючы дзедя чагосьці абгрунтаваць прэзідэнту РФ неабходнасць нанясення удараў расійскімі ж ракетамі па Украіне, ён заявіў: «А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я зараз пакажу — карту прывёз), яны б атакавалі нашыя войскі — Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях».
Калі разумець гэта літаральна, то атрымліваецца, што аж да 11 сакавіка 2022 года расійскі вярхоўны галоўнакамандуючы сам не ведаў, навошта і чаму з тэрыторыі Беларусі яго армія наносіла ракетныя ўдары па Украіне. Фраза Лукашэнкі пазней стала асновай для велізарнай колькасці мемаў.
15 сакавіка Лукашэнка раптоўна заявіў, што Беларусь нібыта падверглася ракетнаму ўдару: «Я вас папярэджваў, што нас будуць запіхваць у гэтую аперацыю, у гэтую вайну. Нас будуць спрабаваць туды ўцягнуць. Сведчаннем гэтага з’яўляецца літаральна два дні таму ноччу пуск чарговы на тэрыторыю нашай Беларусі — удар па нашай тэрыторыі — ракетай „Точка-У“, якую мы паспяхова з расіянамі перахапілі і знішчылі над Прыпяццю».
Свае словы палітычны дзеяч падмацаваў наступнымі доказамі: «Дзесьці там каля рэчкі валяецца. Каму цікава, хто бліжэй, схадзіце, паглядзіце. Гэта не закрыта. Гэта не фэйк — тое, што я вам кажу».
Праз два дні ў інтэрв'ю японскаму каналу TBS колькасць збітых над тэрыторыяй Беларусі ракет «Точка-У» ў аповедзе палітыка павялічылася да дзвюх. У гэтым жа інтэрв'ю Лукашэнка падзяліўся з японскім журналістам інсайдам і пераканаўча спрагназаваў хуткае завяршэнне вайны на расійскіх умовах: «Скажу вам упершыню галоўнае: Расія прапануе Украіне, Пуцін — Зяленскаму, я гэта абсалютна дакладна ведаю, абсалютна прымальны варыянт дамовы. І сёння яшчэ магчыма, каб Украіна з Расіяй дамовіліся і Зяленскі падпісаў з Пуціным гэтую дамову. Калі Зяленскі на гэта не пойдзе, то, паверце, яму давядзецца цягам невялікага часу падпісаць акт аб капітуляцыі».
Адказваючы на пытанні японскага журналіста, Лукашэнка заявіў, што людзей нельга саджаць за выказванне антываеннай пазіцыі. Пры гэтым вядома, што толькі на пачатак сакавіка па ўсёй Беларусі затрымалі не менш за 908 чалавек, якія пратэставалі супраць вайны. Падставамі для затрымання былі воклічы «Не вайне!», плакаты з антываеннымі надпісамі, украінскія сцягі, паветраныя шарыкі, кветкі ў руках і нават сам факт фатаграфавання пратэстоўцаў.
Красавік: «англійская спецаперацыя» ў Бучы
7 красавіка на пашыраным паседжанні Савета бяспекі Лукашэнкі заявіў, што Беларусь павінная быць удзельніцай перамоваў паміж Расіяй і Украінай. Пры гэтым ён чамусьці паспрабаваў перанесці адказнасць за ўцягванне Беларусі ў вайну з сябе на заходнія дзяржавы: «Не можа быць перамоваў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта, перш за ўсё — заходнія краіны, там, на гэтых перамовах, натуральна, павінная прагучаць пазіцыя Беларусі».
У пачатку красавіка свет даведаўся пра зверствы расійскай арміі ва ўкраінскім горадзе Буча пад Кіевам. Пасля яго вызвалення УСУ там былі знойдзеныя сотні целаў мірных жыхароў, забітых і закатаваных у перыяд расійскай акупацыі.
12 красавіка, сустракаючыся з Пуціным на расійскім касмадроме «Усходні», Лукашэнка назваў разню ў Бучы, якую ўчынілі расіяне, «псіхалагічнай спецыяльнай аперацыяй», якую правялі англічане. Ён суправадзіў сваё выказванне наступнымі доказамі: «Калі вам трэба адрасы, паролі, яўкі, на чым прыехалі, то ФСБ РФ можа даць гэтую інфармацыю». Сам Пуцін заявіў, што Лукашэнка перадаў яму нейкія «дакументы, якія датычаць правакацыі ў Бучы».
Травень: Украіна з Расіяй і Беларуссю будзе ваяваць супраць Захаду
У інтэрв'ю міжнароднаму навінаваму агенцтву Associated Press 5 траўня Лукашэнка расказаў, што не думаў, што расійская «спецыяльная ваенная аперацыя» ва Украіне так зацягнецца. Адказнасць за вайну палітык усклаў на Захад і прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Акрамя таго, ён выказаў здзіўленне ў сувязі з пастаўкамі заходняй ваеннай дапамогі Украіне. На думку Лукашэнкі, гэта перашкаджае скончыць вайну (мяркуючы па ўсім, меўся на ўвазе выгадны для яго варыянт заканчэння баявых дзеянняў пасля перамогі Расіі). Таксама ён запэўніў журналіста, што «Расія занадта лёгка ваюе ва Украіне, і гэта яшчэ толькі пачатак».
Расказваючы пра прычыны пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі», Лукашэнка заявіў, што Пуцін не збіраецца акупаваць Украіну, і запэўніў, што расійскі прэзідэнт хоча бачыць «дружалюбную, цэласную Украіну» — але гэта мусіць быць краіна, якая не стварае праблем сваім суседзям. Таксама Лукашэнка сказаў, што будзе рабіць усё, каб паўднёвая суседка засталася ў сваіх межах, і што дапускае, што ў будучыні Беларусь, Расія і Украіна будуць разам ваяваць супраць Захаду. Менш чым праз 5 месяцаў пасля гэтага Расія анексавала чатыры ўкраінскія рэгіёны.
20 траўня стала вядома, што Лукашэнка адправіў асабістае пасланне генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу. У ім палітык, атаясамляючы сябе з усімі беларусамі, паспрабаваў пераканаць генеральнага сакратара ў тым, што «мы — не агрэсары» і «не здраднікі». Таксама Лукашэнка заявіў, што лічыць неабходным спыніць пастаўкі зброі Украіне, каб пазбегнуць сусветнай вайны, а яшчэ заклікаў зняць накладзеныя на Расію і Беларусь санкцыі.
26 траўня Лукашэнка назваў мяжу з Украінай «новым фронтам» і даручыў стварыць тут Паўднёвае аператыўнае камандаванне — трэцяе ў беларускім войску (пасля Паўночнага і Паўночна-Заходняга).
Чэрвень: абяцанне ударыць па Кіеве ў адказ на ўдар па Мазыры
У чэрвені пра вайну Лукашэнка гаварыў мала. Толькі 17-га падчас рабочай паездкі ў Бабруйск абвінаваціў неназваных службовых асобаў (мабыць, украінскіх) у «нацэльванні» на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. У адказ на ўдар па НПЗ ён паабяцаў стукнуць па Кіеве, не заходзячы ва Украіну (відаць, меўся на ўвазе ракетны абстрэл). Саму вайну ва Украіне палітык назваў пачаткам, элементам буйнога перадзелу свету, ад якога будуць «трашчаць» такія дзяржавы, як Чэхія, Аўстрыя, Швейцарыя.
Ліпень: будучы нечуваны голад і «Расія яшчэ не ваюе»
На нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна 5 ліпеня Лукашэнка прадказаў, што праз вайну ва Украіне і «шалёнага махавіка санкцый» да восені і зімы на свет абрынецца «нябачаны з часоў Вялікай Айчыннай вайны» голад. А 12 ліпеня на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў ваенных ВНУ заявіў пра набліжэнне свету «да прорвы вялікай вайны, у якой <…> пераможцы ўжо не будзе». Акрамя таго, ён прысароміў за «пазіцыю, мякка кажучы, чакання» саюзнікаў па АДКБ і СНД.
21 ліпеня палітык даваў інтэрв'ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву AFP. Ён прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў расійскай аперацыі, прыкрываючы заходнюю мяжу, каб «вы адтуль не ўдарылі ў спіну рускім». Пры гэтым ні тэхнікай, ні жывой сілай Беларусь ва Украіне, з ягоных словаў, не ваюе і людзей не забівае, а ўдары з беларускай тэрыторыі наносіліся нібыта «ў прэвентыўных мэтах».
У інтэрв'ю Лукашэнка зноў паўтарыў агучаны напярэдадні Пуціным тэзіс расійскай прапаганды, што «па-сапраўднаму Расія там яшчэ не ваюе. Расія яшчэ да сярэдзіны не дайшла па якасці вайны». Ён заклікаў Францыю не забяспечваць Украіну зброяй і надаў вагі сваім словам фэйкавай навіной пра тое, што ўкраінскія ўлады нібыта ўжо прадалі дзве французскія артылерыйскія ўстаноўкі Caesar расіянам.
Апраўдваючы прэзідэнта Расіі, які развязаў вайну супраць Украіны, Лукашэнка заявіў, што, «калі б Пуцін не пачаў гэтую аперацыю, вы б яе пачалі, але ўжо арганізаваўшыся. Ён проста вас крыху апярэдзіў».
Жнівень: «з Расіяй ваюе ўвесь блок NATO» і цынічнае віншаванне Украіны з Днём незалежнасці
19 жніўня палітык паўтарыў адзін з галоўных наратываў расійскай прапаганды, заявіўшы, што «ніякая Украіна не ваюе сёння. Сёння з Расіяй ваюе ўвесь блок NATO і Амерыка перш за ўсё».
А 24 жніўня Лукашэнка цынічна павіншаваў Украіну з Днём незалежнасці, пажадаўшы ўкраінцам «мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця». Тлумачачы сваё рашэнне, палітычны дзеяч адзначыў, што вырашыў павіншаваць украінцаў, таму што яны — «людзі добрыя», якіх ён не лічыць «нацыкамі». Таксама ён заявіў, што карані яго прапрадзедаў «закапаныя дзесьці паміж Чарнігавам і Кіевам».
Лукашэнка зноў выказаў упэўненасць у тым, што «вайна хутка скончыцца», але потым у канспіралагічным духу працягнуў: «Далей — больш даведаецеся. Гэта толькі пачатак. Мы вось, здаецца, столькі перажылі з 2020 года, столькі нацярпеліся. Гэта толькі пачатак. Самае цяжкае наперадзе».
Верасень: хлусня дзецям і надуманая дэнацыфікацыя
1 верасня Лукашэнка правёў першы ўрок ва ўсіх школах і ВНУ Беларусі. Расказваючы пра расійска-ўкраінскую вайну, ён заявіў, што «па вызначэнні Расія не можа пацярпець там паразу, і я, і многія беларусы Расію ў гэтым плане падтрымліваюць». Ён выказаў упэўненасць, што «Расія не можа стаць на калені», і паўтарыў усё тую ж гісторыю пра прэвентыўную спецыяльную аперацыю, без якой па Беларусі быў бы нанесены ракетны ўдар.
Таксама палітык расказаў дзецям пра тое, што забойствы расійскай арміяй мірных жыхароў у Бучы — гэта фэйк, створаны з дапамогай прывезеных у горад у поліэтыленавых мяшках трупаў.
Акрамя таго, Лукашэнка дапусціў, што адна з агучаных Пуціным прычын уварвання ў Украіну, а менавіта дэнацыфікацыя, — надуманая: «Я яму тады сказаў: «Валодзя (Уладзімір Зяленскі. — Заўв. рэд.), гэта (дэнацыфікацыя. — Заўв. рэд.) усё віртуальна, усё гэта па-філасофску, трэба садзіцца за стол перамоваў, і ніхто табе не скажа пра «дэнацыфікацыю». Таму што была і ёсць галоўная праблема — дэмілітарызацыя Украіны. Каб там натаўцы не размясцілі самае сучаснае ўзбраенне ракетнае, у тым ліку з ядзернымі боегалоўкамі».
Нарэшце, Лукашэнка чарговы раз запэўніў слухачоў, што вайна хутка скончыцца. Праўда, незразумела чым: «Расія не можа прайграць, а Амерыка не можа сысці». А яшчэ палітык выказаў упэўненасць, што паміж прэзідэнтам Зяленскім і ўкраінскімі вайскоўцамі наспявае канфлікт: «Усё залежыць ва Украіне ўжо не ад прэзідэнта. Залежыць ад вайскоўцаў. Яны гінуць там. Яны бачаць, што гэта бесперспектыўна. Заходняя Украіна — палякі ўжо паціраюць рукі. Палякам далі права там кіраваць Украінай. Вы што, здурнелі зусім? Украіну дзеляць».
Кастрычнік: «пацешны» полк Каліноўскага і чарговая спроба адмежавацца ад вайны
4 кастрычніка на нарадзе па ваеннай бяспецы Лукашэнкі абазваў «пацешным» полк Каліноўскага — фарміраванне беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне ў складзе УСУ, але пры гэтым прызнаў яго небяспеку для свайго рэжыму: «Які б пацешны гэты полк ні быў, але ў яго складзе ёсць радыкальна настроеныя байцы, якія якраз і ставяць перад сабой мэту дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне праз перш за ўсё дыверсійна-падрыўную дзейнасць».
Палітык зноў прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, але пры гэтым падкрэсліў, што нікуды не пасылае сваіх вайскоўцаў і нікога не забівае. Таксама «удзелам у спецыяльнай ваеннай аперацыі» ён назваў дапамогу ўкраінскім бежанцам: «Мы больш за ўсё кормім тых бежанцаў, жабракоў, бедных людзей, якія па 400−500 чалавек на суткі прыбываюць да нас з Украіны. Ну як іх не накарміць, як іх не лячыць?! Вось такі наш удзел у гэтай ваеннай аперацыі. Іншага няма і не будзе».
20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях фарміравання Усебеларускага народнага сходу Лукашэнка так адмежаваўся ад расійска-ўкраінскай вайны: «Скажу каротка: не хочаце ваяваць са зброяй — змагайцеся ў полі, на заводзе і на фабрыцы. Нашая вайна праходзіць не праз Украіну, а праз эканоміку, праз нас. Таму расчухайцеся, яшчэ раз паўтараю!»
Лістапад: Зяленскі ператвараецца ў «Валодзю», які «як сваё дзіця»
4 лістапада палітык паведаміў, што ў яго няма планаў адпраўляць ваяваць ва Украіну сваіх вайскоўцаў і што на смерць беларусаў адпраўляюць людзі, якія знаходзяцца ў апазіцыі да створанага ім рэжыму. На папрокі украінцаў у тым, што ён «ледзь не ваюе ва Украіне», Лукашэнка зноў адказаў, што ён лечыць украінскіх бежанцаў. Таксама ён абвінаваціў Украіну ў тым, што тая, атрымаўшы праз палякаў амерыканскую каманду, пачала ўводзіць санкцыі: «І першым, хто супраць нас санкцыі ўвёў, быў Кіеў — Валодзя Зяленскі, да якога я як да свайго дзіцяці ставіўся».
23 лістапада на саміце АДКБ у Ерэване палітычны дзеяч заявіў, што калі Расія не пераможа ва Украіне, то гэты ваенны блок спыніць існаванне. У той жа дзень у інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Звезда» Лукашэнка па-новаму ацаніў магчымую працягласць вайны, сказаўшы, што абставіны могуць прымусіць прэзідэнта Зяленскага сесці за стол перамоваў праз год-два. Гэтая ацэнка кардынальна адрознівалася ад тых «трох-чатырох» дзён, у якія палітык ацэньваў працягласць вайны ў пачатку лютага, перад расійскім уварваннем, а таксама ад пазнейшых ягоных прагнозаў.
Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў Украіну «спыніцца», прыстрашыўшы ў адваротным выпадку поўным знішчэннем краіны. Як капітуляцыя Украіны зможа абараніць яе ад знішчэння, палітык не патлумачыў.
27 лістапада ў эфіры расійскай праграмы «Масква. Крэмль. Пуцін» Лукашэнка выклаў сваё бачанне геапалітычнай сітуацыі, якая склалася ў свеце: «Амерыканцы хочуць адным ударам, адным заходам пакласці Еўропу і праз Расію падабрацца да Кітая. Натуральна, растаптаўшы Расію. Нерэальныя рэчы. Нерэальныя. Здаецца, не дурні вайскоўцы ў Амерыцы, але гэта абсалютна нерэальна разгарнуць вайну на такім фронце. Таму Валодзю Зяленскаму проста не даюць магчымасці наладзіць дыялог з Расійскай Федэрацыяй».
Зяленскага Лукашэнка абвінаваціў яшчэ і ў парушэнні «класічных прынцыпаў перамоўнага працэсу». На думку палітыка, «размаўляючы з гіганцкай Расіяй», нельга выстаўляць папярэднія ўмовы.
Снежань 2022 года: NATO на межах Смаленскай вобласці і Расіі
9 снежня, размаўляючы з расійскімі журналістамі на саміце ЕАЭС, Лукашэнка зноў паспрабаваў перакласці адказнасць за развязванне вайны ва Украіне з сябе і Расіі. Паводле яго версіі, у 2014 годзе Захад нібыта падмануў Расію і Пуціна і ў паўзе, якая ўтварылася пасля падпісання Мінскіх пагадненняў, даў магчымасць украінскай арміі падрыхтавацца да цяперашняй вайны. Палітык прапанаваў чарговую канспіралагічную тэорыю пра тое, як «пасля 2020 года — бунту ў Беларусі» войскі NATO мусілі выйсці да межаў Смаленскай вобласці і пачаць вайну супраць Расіі на Данбасе. Ён паабяцаў «найбліжэйшым часам» апублікаваць факты, якія пацвярджаюць яго словы (пакуль такія факты апублікаваныя не былі).
Лукашэнка таксама заявіў, што Расіі нельга высоўваць патрабаванняў пра вызваленне акупаваных ёю тэрыторый Херсонскай, Запарожскай, Данецкай, Луганскай абласцей. На яго думку, калі Украіна вылучыць такія ўмовы — ніякіх перамоваў проста не будзе.
19 снежня на сустрэчы з Пуціным Лукашэнка спрабаваў іранізаваць, называючы сябе і прэзідэнта Расіі суагрэсарамі (паводле міжнароднага права палітыкі менавіта імі і з’яўляюцца): «Ну вы ж ведаеце, мы ўдвух — суагрэсары. Самыя шкодныя, таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка — хто большы? Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. А я ўжо пачынаю думаць, што ён. Ну, прынялі рашэнне, што разам, аднолькава. Вось і ўсё. А калі хтосьці думае нас сёння разарваць — не выйдзе».
Студзень: «Украіна пакуль трымаецца» і пакт аб ненападзе
19 студзеня Лукашэнка выказаў салідарнасць з Расіяй у гутарцы з міністрам замежных справаў апошняй Сяргеем Лаўровым, а таксама даў справаздачу наконт падтрымкі спецаперацыі са свайго боку: «Праблемы, звязаныя з аперацыяй Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расіі ў гэты няпросты перыяд (што там для Расіі… Для нас — для Расіі і Беларусі), мы робім».
Размаўляючы з высокапастаўленай службовай асобай краіны, якая напала на Украіну, Лукашэнка заявіў, што яго «ўражвае і прыемна здзіўляе» той факт, што «Украіна пакуль трымаецца» і «на правакацыі супраць Беларусі не ідзе». Ён не патлумачыў, як гэтыя словы суадносяцца з неаднаразова агучанымі ім жа паведамленнямі пра абстрэлы Беларусі ўкраінскімі ракетамі і рыхтаны Кіевам напад на нашую краіну, якія нібыта мелі месца.
24 студзеня Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта прапанавала яму заключыць пакт аб ненападзе — украінскі бок гэтыя словы не пацвердзіў.
І зноў люты: «цуды могуць здарыцца» і Украіна «ў больш выгадным становішчы»
13 лютага на сустрэчы з новым генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым Лукашэнка выклаў суразмоўцу сваё меркаванне наконт гэтай вайны і заклікаў удзельнікаў арганізацыі заняць выразную пазіцыю адносна расійска-ўкраінскага канфлікту: «Калі хтосьці думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька дзесьці адседзімся, то нічога падобнага, так не будзе. Прыйдзе час — ён недалёка, літаральна заўтра) — ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю».
16 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі замежных і беларускіх СМІ Лукашэнка зноў расказаў, як з Украіны на Беларусь рыхтавалася нападзенне. Паводле яго, гэта паўднёвая суседка хацела развязаць вайну, а падштурхоўвалі яе да гэтага Захад і ЗША. Палітык прыгразіў «самым жорсткім адказам» у выпадку агрэсіі супраць Беларусі, але яшчэ раз паабяцаў не ўводзіць беларускія войскі ва Украіну, калі такога нападзення не адбудзецца. Заходнім суседзям Беларусі таксама дасталася пагроза «страшнага адказу» ў выпадку агрэсіі. Што да расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, то, паводле запэўніванняў Лукашэнкі, яны знаходзяцца тут не для нападу на Украіну, а для баявога зладжвання з беларусамі.
Вынік вайны праз год пасля яе пачатку палітык бачыць такім: «Цуды могуць здарыцца, што Расія не пераможа. Але Расія ніколі не прайграе вайну. Ніколі». Што менавіта ён мае на ўвазе, незразумела.
Тым не менш ён прызнаў, што Украіна цяпер знаходзіцца «ў больш выгадным становішчы», і некалькі разоў заклікаў яе да мірных перамоваў.
Чытайце таксама


