Лідарка дэмсіл Беларусі Святлана Ціханоўская расказала «Люстэрку», як адрэагавала на продаж кватэры, канфіскаванай па крымінальнай справе ў дачыненні да яе мужа Сяргея Ціханоўскага.
— Маю кватэру прадалі? Нічога не адчуваю. Я ўжо даўно развіталася з гэтай кватэрай. Але я ж разумею, што пасля перамогі ўся маёмасць, якая была вось так адабраная, будзе вернутая законным уладальнікам, — сказала Святлана Ціханоўская ў каментары «Люстэрку».
Нагадаем, 26 ліпеня на аўкцыёне «БелЮрЗабяспечання» з трэцяй спробы прадалі трохпакаёвую кватэру Сяргея Ціханоўскага ў Мінску. Да таргоў былі дапушчаныя двое ўдзельнікаў, якія некалькі разоў перабівалі стаўкі адно аднаго. У выніку кватэру прадалі даражэй за першапачатковы кошт — больш чым 203 тысячы рублёў.
У кватэры Сям'і Ціханоўскіх зарэгістраваныя няпоўнагадовыя дзеці.
Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 14 снежня 2021 года. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігурантаў «справы Ціханоўскага» (па справе праходзілі Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў і Уладзімір Цыгановіч) таксама абавязалі выплаціць 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі — як адзначаецца ў судовым рашэнні, «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».
Чытайце таксама