Каардынацыйная рада вызначылася са спосабам правядзення выбараў у новы склад арганізацыі. Вырашана, што абіраць дэлегатаў беларускага дэмакратычнага протапарламента змогуць усе грамадзяне Беларусі з дапамогай электроннага галасавання, якое адбудзецца ў пачатку сакавіка. Таксама ў хуткім часе мусіць з’явіцца і альтэрнатыўная Цэнтральная выбарчая камісія для правядзення выбараў у КР.
Дэлегаты Каардынацыйнай рады сёння, 8 снежня, прынялі рашэнне, што новы склад арганізацыі будуць абіраць самі беларусы прамым галасаваннем. Яно адбудзецца ў сакавіку 2024 года і будзе электронным. Усяго беларусам трэба будзе выбраць 120 «дэпутатаў».
— Людзі ў Беларусі змогуць прагаласаваць, зарэгістраваўшыся па нумары тэлефона, людзі па-за краінай — па дакуменце, які сведчыць асобу. Трэба будзе зарэгістравацца ў спецыяльнай сістэме, каб атрымаць магчымасць прагаласаваць, — патлумачыў «Люстэрку» спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў. — Галасаванне будзе арганізаванае з дапамогай розных сэрвісаў і праграм і будзе чымсьці нагадваць тое, як гэта было зроблена ў платформе «Голас» у 2020 годзе. Мы стараемся распрацаваць рашэнне, якое стане максімальна бяспечным. Як і любое тэхнічнае рашэнне, яно патрабуе часу і распрацоўкі. Бяспека — гэта адзіны момант, які можа ўстрымаць нас ад правядзення выбараў у сакавіку.
Паводле Ягорава, выбары ў КР адбудуцца па прапарцыйнай выбарчай сістэме. То-бок беларусы не будуць галасаваць за асобных кандыдатаў, а будуць выбіраць спісы прэтэндэнтаў. Максімальна можна будзе выбраць тры спісы. Мінімальная колькасць кандыдатаў у адным складзе 10 чалавек.
Такія спісы змогуць фармаваць палітычныя партыі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і любыя іншыя аб’яднанні грамадзян. Для гэтага трэба будзе падаць палітычную праграму на тэрмін не менш за два гады і дэкларацыю каштоўнасцяў, на аснове якіх сфармаваны палітычны суб’ект.
На выбарах у Каардынацыйную раду ўпершыню ў гісторыі Беларусі з’явіцца сістэма гендарных квотаў. Не менш за 40% кандыдатаў у кожным спісе павінныя складаць жанчыны. Падчас размеркавання месцаў у спісах пераможцаў двое з пяці чалавек, што прайшлі ў КР ад кожнага выбарчага аб’яднання, таксама мусяць быць жанчынамі.
Таксама Ягораў адзначыў, што праводзіць выбары будзе свая асобная Цэнтральная выбарчая камісія. Рашэнне пра механіку яе фармавання яшчэ не прынятае — гэта будзе зроблена найбліжэйшым часам, дзейныя дэлегаты КР прымуць спецыяльнае палажэнне пра ЦВК.
Агітацыйная кампанія па выбарах у КР пачнецца ў лютым. Гэта зроблена для таго, каб яна прайшла паралельна з афіцыйнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, якія пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года.
Паўнамоцтвы дзейнага складу Каардынацыйнай рады заканчваюцца 8 лютага 2024 года. Андрэй Ягораў заявіў, што бліжэй да гэтай даты будзе прынятае рашэнне альбо пра працяг працы цяперашняга склікання, альбо пра яе прыпыненне да фармавання новага складу КР.
Чытайце таксама