Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у інтэрв'ю расійскаму дзяржтэлеканалу «Расія-24» расказаў, калі і дзе пройдуць новыя вучэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ.
У інтэрв'ю Віктар Хрэнін паведаміў, што Украіна сканцэнтравала на мяжы з Беларуссю ўдарную групоўку колькасцю «112−114 тысяч чалавек». У лістападзе мінулага года колькасць украінскіх вайскоўцаў паблізу нашых межаў беларускія ўлады ацэньвалі ў 120 тысяч чалавек.
Адказваючы на пытанне, ці патрабуецца нарошчванне сіл на мяжы з Украінай з беларускага боку, кіраўнік Мінабароны сказаў: «Не патрабуецца». Паводле Віктара Хрэніна, на сённяшні дзень вялікую пагрозу ўяўляюць «дыверсійныя групы, якія ідуць з боку Украіны».
Кіраўнік Мінабароны таксама паведаміў, што беларускія вайскоўцы фіксуюць розныя дзеянні з боку заходніх краін, якія ўключаюць у сябе не толькі дзеянні сухапутных войскаў, але і разведку з паветра.
«На сённяшні дзень мы бачым своечасовы комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіць Заходняя Еўропа на чале з ЗША для падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў. Мы разумеем, супраць каго гэтыя ваенныя дзеянні будуць скіраваныя», — упэўнены ён.
У яго таксама пацікавіліся павялічанай колькасцю вайсковай авіяцыі NATO і парушэннем паветраных межаў Беларусі, пра што апошнім часам заяўлялі беларускія ўлады (са словаў памочніка міністра па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Валерыя Равенкі, са жніўня мінулага года да 21 лютага зафіксавалі шэсць выпадкаў парушэння паветранай дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Латвіі, Літвы і Польшчы. — Заўв. рэд.).
«Калі страчаныя тармазы з іх боку — вядома, мы будзем збіваць, цырымоніцца не будзем», — запэўніў Хрэнін.
Міністр абароны Беларусі таксама расказаў, калі пройдуць вучэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Яны адбудуцца ў 2025 годзе на тэрыторыі Беларусі.
Нагадаем, у лютым 2022 года прайшлі сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022», пасля чаго расійскія войскі ўварваліся ва Украіну — у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на ўсе абяцанні Лукашэнкі ўкраінскім лідарам, што «ніколі з нашай тэрыторыі не будуць атакаваць Украіну».
За два дні да пачатку вайны найвышэйшыя службовыя асобы, у тым ліку міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, а таксама кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо запэўнівалі сваіх украінскіх калег, што тэрыторыя Беларусі не будзе выкарыстаная для нападу на Украіну.
Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю і вымушаная трымаць там не толькі памежнікаў, але і войскі тэрытарыяльнай абароны, баючыся паўторнага нападу.