Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што закон пра карту паляка неабходна змяніць з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Паводле яго, гэта звязана ў тым ліку з дзейнасцю «варожых Польшчы службаў», паведамляе Portal Samorządowy.
Сікорскі заявіў, што неабходнасць унесці змены ў закон пра карту паляка наспела ў сувязі з «палітычнай сітуацыяй», перш за ўсё ў Беларусі і РФ. Трэба дакладна вызначыць крытэры, якія даюць права на атрыманне гэтага дакумента, перш за ўсё дзеля нацыянальнай бяспекі, сцвярджае кіраўнік польскага МЗС.
Міністр паведаміў, што з 2008 года да 30 верасня 2024-га было прынята амаль 215 тысяч рашэнняў пра выдачу карты паляка. Гэты дакумент, які забяспечвае свайму ўладальніку шэраг бонусаў у Польшчы, папулярны ў краінах былога СССР, і цікавасць да яго значна ўзрасла пасля расійскага ўварвання ва Украіну — асабліва сярод жыхароў Украіны, Беларусі і РФ.
«У сувязі з палітычнай сітуацыяй, асабліва ў апошніх дзвюх краінах, расце неабходнасць унясення змяненняў у закон пра карту паляка, каб дакладна вызначыць крытэры, якія даюць права на яе атрыманне, — перш за ўсё дзеля нашай бяспекі», — патлумачыў Сікорскі.
Паводле яго, адміністрацыйныя органы, упаўнаважаныя разглядаць заявы на атрыманне карты паляка, «сутыкаюцца з усё больш сур’ёзнымі пагрозамі».
«Адно з ключавых пытанняў — магчымасць у варожа настроеных да Польшчы службаў стварыць практычна любое дасье прэтэндэнта» на атрыманне карты паляка]", — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Сікорскі падкрэсліў, што польскія консулы і чыноўнікі мусяць мець магчымасць адэкватна рэагаваць, каб карта паляка не стала «прабелам у міграцыйных працэдурах».
Нагадаем, паводле звестак польскіх СМІ, узмацненне правілаў выдачы карт паляка прадугледжвае новая міграцыйная стратэгія, ухваленая ўрадам Польшчы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра вяртанне патрабавання да прэтэндэнтаў пацвярджаць веданне польскай мовы. Таксама, імаверна, выдаваць дакументы будуць толькі людзям з пацверджанымі польскімі каранямі.
Раней, 15 кастрычніка, урад Польшчы ўхваліў міграцыйную стратэгію на найбліжэйшыя пяць гадоў. Гэты дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае прыпыненне прыёму заяваў у просьбітаў прытулку.
Наконт апошняга пункта ўзніклі рознагалоссі: прэзідэнт краіны Анджэй Дуда заявіў, што гэта не ўмацуе польскіх межаў, аднак ускладніць жыццё беларусам, якія ратуюцца ад рэпрэсій. У сваю чаргу прэм’ер Дональд Туск адхіліў гэтыя абвінавачанні.