Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

На 21 студзеня ў Беларусі прызначаны старт датэрміновага галасавання ў працэсе, які ўлады называюць прэзідэнцкімі выбарамі. Завершацца яны 26 студзеня. Не кожны прапагандыст, а тым больш начальнік на дзяржпрадпрыемстве ці адміністратар універсітэта здольны пераканаць беларусаў з хаця б трохі развітым крытычным мысленнем, што ім трэба ўдзельнічаць у гэтай імітацыі дэмакратычнай працэдуры. Таму ў дапамогу ім ідэолагі на ўказанне Адміністрацыі Лукашэнкі падрыхтавалі цэлы набор метадычак. Версіі, адрасаваныя ўдзельнікам інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, работнікам прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікам інтэлігенцыі і моладзі, прыкметна адрозніваюцца адна ад адной. Мы раскажам не толькі пра хлусню, падтасоўкі і маніпуляцыі, з дапамогай якіх улады чарговым разам спрабуюць падмануць беларусаў, але і пра тое, як праводзіцца «апрацоўка» розных слаёў грамадства.

Усе кандыдаты роўныя, але адзін «раўнейшы»

Асноўная метадычка з новага набору — гэта тая, якую ідэолагі падрыхтавалі непасрэдна для прапагандыстаў на месцах. У ёй ёсць цэлы набор тэзісаў і аргументаў на выпадак, калі ім, выступаючы перад працоўнымі і навучальнымі калектывамі, давядзецца адказваць на цалкам натуральныя пытанні слухачоў.

Метадычка суправаджаецца слайдамі для прэзентацыі. Ва ўступнай частцы расказваецца пра тэрміны і парадак правядзення выбараў, абвяшчаецца спіс кандыдатаў. І калі ў тэксце яны размешчаныя ў алфавітным парадку — як будуць і ў бюлетэні, — то на слайдзе выйшаў казус: кандыдаты-спойлеры ўсё гэтак жа ідуць па алфавіце, але наперадзе ўсіх вынесенае фота Аляксандра Лукашэнкі. Роўнасці перад алфавітам не атрымалася.

Слайд, на котором кандидат в президенты Александр Лукашенко изображен не на своем месте (то есть без соблюдения алфавитной последовательности). Изображение: методичка «Участие в выборах — право и гражданский долг каждого»
Слайд, на якім кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка стаіць не на сваім месцы (то-бок без прытрымлівання алфавітнай паслядоўнасці). Выява: Метадычка «Удзел у выбарах — права і грамадзянскі абавязак кожнага»

Далей усе чатыры версіі метадычкі так ці інакш расхвальваюць вынікі 30-гадовага кіравання палітыка, які «не трымаецца сінімі пальцамі» за ўладу. Пры гэтым абсалютна нічога не расказваюць пра астатніх кандыдатаў, іх дасягненні і праграмы. Выказванні Алега Гайдукевіча, Ганны Канапацкай, Сяргея Сыранкова ці Аляксандра Хіжняка таксама не прыводзяцца ні разу, у той час як Лукашэнка цытуецца як мінімум двойчы.

У выніку дапаможнікі для прапагандыстаў, створаныя нібыта з законнай і разумнай мэтай заклікаць грамадзян да ўдзелу ў выбарах, выглядаюць хутчэй як тыповыя агітацыйныя матэрыялы, што падштурхоўваюць галасаваць за Лукашэнку. Вось толькі перадвыбарчы штаб кандыдата паводле закона мусіць ствараць і распаўсюджваць агітацыю за ўласны кошт — а тут усё гэта робіцца рукамі дзяржслужбоўцаў і за кошт дзяржавы.

Права ці абавязак?

Частка метадычкі прысвечаная задачы пераканаць беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Аўтары падкрэсліваюць, што гэта абавязак грамадзян, праява адказнасці, актыўнай і неабыякавай пазіцыі. Маніпуляцыя тут найпрасцейшая: так людзі, якія з нейкіх прычын вырашаць не ўдзельнічаць у цяперашняй імітацыі выбараў, прысаромленыя як безадказныя, неактыўныя і абыякавыя.

Наталья Кочанова на церемонии награждения идеологического актива Минска, приуроченной ко Дню Конституции, 15 марта 2024 года. Фото: Совет Республики
Наталля Качанава на цырымоніі ўзнагароджання ідэалагічнага актыву Мінска, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі, 15 сакавіка 2024 года. Фота: Савет Рэспублікі

З іншага боку, ніжэй аўтары падкрэсліваюць, што паводле закона ў нашай краіне ўдзел у выбарах — гэта права грамадзян, а не абавязак. І тут жа ажыццяўляюць падмену паняццяў: гэты факт падаецца як доказ таго, што… выбары ў Беларусі — дэмакратычныя і адкрытыя. Маўляў, ёсць у свеце краіны — Бразілія, Аргенціна, Перу, — дзе грамадзян прымушаюць галасаваць і ёсць санкцыі для парушальнікаў. Аўтары называюць такія меры «відавочна» недэмакратычнымі. А вось у Беларусі, маўляў, усё як у заходніх «сучасных дэмакратычных краінах» — галасаванне добраахвотнае.

Па-першае, добраахвотнасць ці нядобраахвотнасць галасавання нічога не кажа пра ступень дэмакратычнасці і свабоднасці выбараў — гэта толькі пытанне прынятых у краіне традыцый і таго, што парламенты і грамадзяне пагадзіліся замацаваць у Канстытуцыі. Прасцей кажучы, каб выбары былі свабоднымі і дэмакратычнымі, людзі павінныя мець магчымасць галасаваць без прымусу да якой-кольвек кандыдатуры, працэдура павінная адпавядаць закону, галасы — быць сумленна падлічаныя, улады не павінныя пераследаваць апанентаў, а калі прайгралі выбары, то сысці. Ідэолагі ж спрабуюць банальную неабавязковасць галасавання выдаць за «дэмакратыю» і «свабоду».

Па-другое, за падменай паняццяў стаіць банальная хлусня. Паводле закона беларусы не абавязаныя ісці на ўчасткі — але аўтарам метадычкі добра вядома, што на практыцы ўсё інакш і ўсіх, на каго ўлады маюць магчымасць націснуць, яны масава заганяюць на выбары ў неафіцыйным парадку. Работнікаў дзяржарганізацый і студэнтаў традыцыйна змушаюць галасаваць датэрмінова, а салдат тэрміновай службы прыводзяць на ўчасткі проста шыхтом — што не вяжацца з дэклараваным «свабодным» удзелам у выбарах.

Канструктыўная альтэрнатыва

Наступная маніпуляцыя ідэолагаў з мэтай пераканаць у «дэмакратычнасці» выбараў у краіне — тэзіс пра тое, што яны праходзяць на «альтэрнатыўнай аснове». У нармальным разуменні гэта значыць, што за ўладу змагаецца не адзін кандыдат і грамадзянам ёсць з каго выбіраць. Але для ўладаў гэта нешта іншае: паводле метадычкі, альтэрнатыва — гэта «калі ўсе канструктыўныя палітычныя сілы маюць магчымасць вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнцкую пасаду» (шрыфт вылучаны ў арыгінале).

Сторонники Александра Лукашенко на митинге возле универмага "Беларусь", Минск, 27 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі на мітынгу ля ўнівермага «Беларусь», Мінск, 27 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

Тут зноў той самы дэмагагічны прыём — падмена паняццяў. Само паняцце альтэрнатывы на выбарах ніяк не звязанае з канструктыўнасцю ці неканструктыўнасцю апанентаў уладаў. Альтэрнатыва мусіць быць рэальнай, а не ў выглядзе кандыдатаў-спойлераў.

Ідэолагі адзначаюць «высокую актыўнасць»: маўляў, было цэлых 11 ахвочых стаць кандыдатамі ў прэзідэнты, засталося пяць, «сваіх прадстаўнікоў вылучылі найбуйнейшыя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні краіны». Гэта ўсё мае служыць доказам наяўнасці альтэрнатывы. Але наўрад ці кагосьці можна ў гэтым пераканаць, калі:

  • усе рэальныя апаненты Аляксандра Лукашэнкі пасля 2020 года знаходзяцца ў турме, эміграцыі ці на волі, але з судзімасцю, што не дазваляе ім удзельнічаць у выбарах зноў;
  • любыя парасткі незалежнага ад уладаў палітычнага жыцця ў Беларусі душацца ўжо пяты год, арышты актывістаў, нават шараговых назіральнікаў і зборшчыкаў подпісаў не спыняюцца, што не пакідае грамадзянам магчымасці вылучыць непадкантрольнага кандыдата;
  • усе партыі ў краіне пасля 2020 года былі ліквідаваныя, за выключэннем праўладных — трох, што існавалі раней (Ліберальна-дэмакратычнай, Камуністычнай і Партыі працы і справядлівасці) і навастворанай «Белай Русі». Гэта і ёсць тыя самыя «канструктыўныя сілы», аднак лідары гэтых арганізацый дэкларуюць падтрымку дзейных уладаў — а значыць, не прадстаўляюць альтэрнатывы.

«Альтэрнатыўнасць» беларускіх выбараў цяпер падобная да сітуацыі ў КНДР. Там акрамя кіроўнай Працоўнай партыі Карэі ёсць яшчэ дзве, прадстаўнікі якіх у невялікіх колькасцях рэгулярна абіраюцца ў мясцовы парламент (непасэрдных прэзідэнцкіх выбараў там няма). Але існаванне дэкаратыўных і цалкам падкантрольных уладам Сацыял-дэмакратычнай партыі Карэі і Партыі маладых сяброў нябеснага шляху і іх удзел у выбарах ужо даўно не ўводзяць нікога ў зман. І паўночнакарэйскую сістэму часта называюць (тэхнічна няправільна, але фактычна слушна) аднапартыйнай.

Северокорейский лидер Ким Чен Ын во время посещения грибной фермы, фотография опубликована Центральным телеграфным агентством Северной Кореи (ЦТАК) в Пхеньяне 16 июля 2013 года. Фото: Reuters
Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын падчас наведвання грыбной фермы, фатаграфія апублікаваная Цэнтральным тэлеграфным агенцтвам Паўночнай Карэі (ЦТАК) у Пхеньяне 16 ліпеня 2013 года. Фота: Reuters

Правілаў не існуе

Наступная яскравая маніпуляцыя ідэолагаў, закліканая пераканаць беларусаў у «нармальнасці» выбараў у нашай краіне, гучыць так: «Нас часта любяць папракаць у незахаванні нейкіх універсальных, прынятых усімі цывілізаванымі ўдзельнікамі сусветнай супольнасці працэдур і правілаў правядзення выбараў. Але забываюць сказаць, што дакумента, які «расстаўляў бы ўсе кропкі над «i» ў правільнай арганізацыі галасавання, проста не існуе».

Такім чынам, аўтары метадычкі робяць выгляд, што няма ніякіх агульнапрынятых нормаў, па якіх можна меркаваць пра сумленнасць выбараў, а значыць, ніхто не мае права крытыкаваць краіну за прынятыя ў ёй метады.

Аднак гэта хлусня. Па-першае, у Беларусі ёсць Выбарчы кодэкс, які «расстаўляе кропкі над «i» ў правільнай арганізацыі галасавання» ў межах нашай краіны. Нягледзячы на наяўныя недахопы гэтага дакумента, ён наўпрост забараняе падрабляць дакументы па выбарах, падтасоўваць галасы ці іншым чынам скажаць вынікі галасавання. І прадугледжвае, што людзі, якія дапусцілі такія парушэнні, мусяць быць пакараныя. У Крымінальным жа кодэксе ёсць артыкул 191 за перашкаджанне грамадзянам у свабоднай рэалізацыі іх выбарчых правоў.

Строгае выкананне гэтых правілаў не дазволіла б сфальсіфікаваць ні прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе, ні якія-кольвек іншыя. Аднак у гэтым пытанні ўлады аддаюць перавагу таму, каб не выконваць свае ж законы.

Па-другое, існуюць міжнародныя структуры і дакументы, якія даўно вызначылі, пры якіх умовах выбары можна лічыць сумленнымі, свабоднымі, дэмакратычнымі і гэтак далей.

Так, ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, да якой далучылася Беларусь, гаворыцца: «Воля народа мусіць быць асновай улады ўрада; гэтая воля мусіць знаходзіць сабе выражэнне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах, якія павінныя праводзіцца пры ўсеагульным і роўным выбарчым праве шляхам тайнага галасавання або праз іншыя раўназначныя формы, што забяспечваюць свабоду галасавання» (арт. 21).

Акрамя таго, пры Радзе Еўропы існуе Венецыянская камісія, якая дае заключэнні пра тое, наколькі законы краін-удзельніц і выбары і рэферэндумы, што праходзяць у іх, адпавядаюць стандартам дэмакратычных электаральных працэсаў. Гэтая камісія працуе не толькі з краінамі ЕС, але і з постсавецкімі — Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і іншымі. І калі б у Беларусі не ведалі, як трэба праводзіць выбары, але хацелі правесці іх сумленна, ім было б куды звярнуцца па кансультацыю.

Сотрудники избирательного участка открывают урну для подсчета голосов во время президентских выборов в Минске, 9 сентября 2001 года. Фото: Reuters
Супрацоўнікі выбарчага ўчастка адкрываюць скрыню для падліку галасоў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Мінску, 9 верасня 2001 года. Фота: Reuters

Нарэшце, улады Беларусі могуць рабіць выгляд, што выразных правілаў арганізацыі галасавання не існуе, аднак гэта не значыць, што грамадзяне ці іншыя назіральнікі не здольныя адрозніць белае ад чорнага і зразумець, што прынятыя ў Беларусі працэдуры — нядопуск незалежных назіральнікаў на ўчасткі і да падліку галасоў, непразрыстыя скрыні, укіды бюлетэняў, каруселі, прымус да датэрміновага галасавання — не забяспечваюць сумленнасці выбараў.

Адзіны шанец

Метадычка не проста падахвочвае грамадзян прыйсці на выбары, але і рыхтуе іх да таго, каб зрабіць «правільны» выбар. Для гэтага ў тэксце часам наўпрост, а часам завуалявана ўсхваляюцца заслугі Лукашэнкі і дзейнай улады. Ідэолагі (якія на іншых старонках радуюцца наяўнасці альтэрнатывы) спрабуюць падштурхнуць аўдыторыю да думкі пра тое, што на самай справе ніякай годнай альтэрнатывы «галоўнаму» кандыдату не існуе.

Вось адзін з такіх тэзісаў: «Свет — на парозе трэцяй сусветнай вайны. Адзіны шанец не быць уцягнутым у яе — моцная эканоміка і нацыянальнае адзінства. Рэцэпт відавочны і зразумелы. І беларусам прытрымлівацца яго ўдаецца». То-бок менавіта дзякуючы пісьменным дзеянням уладаў — а значыць, іх лідара — Беларусь не ўцягнутая ў вайну.

Гэты невялікі кавалак тэксту перапоўнены хлуснёй і маніпуляцыямі. Па парадку:

  • калі свет і на парозе трэцяй сусветнай, то дзякуючы дзеянням Уладзіміра Пуціна, які вырашыў перакроіць межы сілай і падпарадкаваць сабе суседнюю дзяржаву. Лукашэнка — верны саюзнік Пуціна, называе яго «старэйшым братам» і дапамог паставіць свет на гэты самы парог;
  • Беларусь уцягнутая ў вайну: з яе тэрыторыі была атакаваная Украіна, ляцелі ракеты, сёння праз Беларусь ляцяць беспілотнікі, якія бамбяць украінскія гарады — і часам падаюць проста на нашай тэрыторыі. У беларускіх бальніцах лячылі расійскіх салдат, а цяпер мноства заводаў працуе на патрэбы расійскай арміі;
Изображение: «Беларускі Гаюн»
Прыкладны маршрут расійскага ўдарнага беспілотніка, які выбухнуў над Калінкавічамі ў ноч на 3 кастрычніка 2024 года. Выява: «Беларускі Гаюн»
  • каб не быць уцягнутым у вайну, трэба не дазваляць чужым войскам атакаваць іншую краіну са сваёй тэрыторыі. Моцная эканоміка можа забяспечыць дастатковую для гэтага незалежнасць, аднак ці то рэцэпт ідэолагаў няслушны, ці то эканоміка была недастаткова моцная;
  • няпроста верыць у «моцную эканоміку», калі ў 2024 годзе нашую краіну па ўзроўні сярэдняй зарплаты абагнаў нават такі «хранічны» еўрапейскі аўтсайдар, як Малдова;
  • пра «нацыянальнае адзінства» таксама гаворкі не ідзе: пасля фальсіфікацый вынікаў выбараў 2020 года беларускае грамадства расколатае так, як, магчыма, ніколі не было расколатае раней, і з цягам часу прорва, што яго раз’ядноўвае, не змяншаецца.

«Складана знайсці сёння ў Еўропе палітыка, які б часцей і настойлівей заклікаў да міру і супрацоўніцтва, чым беларускі лідар. Іншай пазіцыі ў краіны, якая страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга, быць не можа. Таму прыйсці на выбары — значыць зрабіць выбар на карысць міру», — аж топчуцца ідэолагі на даўняй ране беларусаў, каб мацней звязаць у іх свядомасці імкненне да міру і галасаванне за «беларускага лідара». Дзіўна, аднак, ацэньваць міралюбнасць палітыка па яго словах, а не па справах.

Маніпуляцыі простыя, але, відаць, эфектыўныя. Паводле апошняга апытання Chatham House, 68% беларусаў у той ці іншай ступені ўпэўненыя, што Лукашэнка «робіць усё, каб Беларусь не ўцягнулі ў вайну».

Не павярнуць

Далей ідэолагі раяць беларусам паглядзець цыкл прапагандысцкіх тэлеперадач, каб «асвяжыць памяць» пра тое, «які шлях нам удалося прайсці». І безапеляцыйна падкрэсліваюць: «Павярнуць з яго мы не маем ніякага права. Што мы і прадэманструем, прыйшоўшы 26 студзеня 2025 года на выбарчыя ўчасткі».

Тут аўдыторыі прапануецца прыём з ілжывым пазбаўленнем альтэрнатывы. Насамрэч права павярнуць у беларусаў, вядома, ёсць — яно запісанае ў Канстытуцыі: крыніца ўлады — гэта народ. Ён вольны паварочваць куды хоча, «канструктыўныя» ці радыкальныя гэта будуць перамены, і ніякага адзіна правільнага шляху не існуе. Аднак ідэолагі імкнуцца пераканаць беларусаў, што выбар у іх толькі адзін — ісці маршрутам, які для іх абраў Лукашэнка, інакш нібыта будзе яшчэ горш.

Пропагандистская встреча в Микашевичах, где участвовала экс-глава ЦИК Беларуси Лидия Ермошина. Лунинецкий район, Брестская область, 14 декабря 2024 года. Скриншот видео
Прапагандысцкая сустрэча ў Мікашэвічах, у якой удзельнічала экс-кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына. Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць, 14 снежня 2024 года. Ілюстрацыйная выява. Скрыншот відэа

Нагадаем, што рух гэтым шляхам з 1994 да 2023 года абярнуўся для Беларусі дэмаграфічнымі стратамі больш чым у мільён чалавек. Краіна ў міжнароднай ізаляцыі, высокім узроўнем дабрабыту не вылучаецца, яе незалежнасць пад пагрозай, унутры ідуць рэпрэсіі. Пераканаць людзей у тым, што гэта найлепшы шлях, можна толькі калі адабраць у іх усе іншыя.

Самі вы марыянеткі

Ідэолагі ідуць нават далей і адзначаюць, што Беларусі, у адрозненне ад заходніх суседзяў, уласцівая нейкая асаблівая самастойнасць — мы, маўляў, самі з вусамі: «Жыццё сваё мы будуем не ў чаканні нечай ухвалы. Мы, як і нашыя продкі, сувымяраем свае дзеянні і планы выключна з нацыянальнымі інтарэсамі. Дыктаваць, як нам жыць — занятак бессэнсоўны. Вось гэта і выклікае злосць і агрэсію звонку. Асабліва ў «заходніх марыянетак». У іх сіл быць моцнымі, свабоднымі і незалежнымі няма. Даводзіцца жыць па ўказцы сваіх «амерыканскіх гаспадароў»».

Гэта зноў жа спроба прадаць выбаршчыкам няісную рэальнасць, а таксама тое, што называецца «вотэбаўтызм» (ад англ. what about… — «што наконт…»). Каб адцягнуць слухача ад думак пра тое, ці такі ўжо ідэальны навязаны Беларусі шлях і ці такая яна моцная і незалежная пасля 30 гадоў кіравання Лукашэнкі, ідэолагі пускаюць у ход прапагандысцкія штампы — маўляў, а вось «у іх» усё яшчэ горш, яны «марыянеткі Захаду», а мы — не.

Тут галоўнае даць як мага больш эмоцый, каб яны затуманілі крытычнае мысленне аўдыторыі і не далі паспець задумацца: а ці не марыянетка і Беларусь, толькі Усходу, калі дазволіла расійскім войскам атакаваць іншую краіну са сваёй тэрыторыі і размясціць сваю ядзерную зброю?

Поўны поспех і поўны давер

Калі спярша «заслугі» Лукашэнкі падавалі ў завуаляванай форме, нібы прапаноўваючы аўдыторыі здагадацца, як завуць чалавека, дзякуючы якому Беларусь так «развілася», то ў нейкі момант метадычкі аўтары вырашылі дзейнічаць наўпрост — каб дакладна ніхто не заблытаўся, за каго варта галасаваць. Спасылаючыся на сацдаследаванне падкантрольнай уладзе структуры, ідэолагі заяўляюць: «Вынікі сацапытанняў пацвярджаюць поўны давер да кіраўніка дзяржавы, дзяржаўных органаў і адлюстроўваюць вынікі пяці гадоў працы дзяржаўнай улады». Як жа Лукашэнка, на іх думку, гэтага дабіўся?

«Гэта вынік выверанай і ўзважанай палітыкі беларускага лідара, якая праводзіцца ва ўмовах вонкавых выклікаў і пагроз:

  • пераадоленне негатыўных наступстваў 2020 года ў грамадстве;
  • антыкавідная палітыка, якая ішла насуперак памылкам сусветнай супольнасці, пра што сёння не саромеюцца казаць нават у Кангрэсе ЗША;
  • спакойная і адэкватная рэакцыя на відавочнае ўскладненне ваенна-палітычнага становішча вакол Беларусі, асабліва з улікам правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне;
  • паспяховае супрацьдзеянне беспрэцэдэнтнаму санкцыйнаму ціску на нашую краіну».

Нескладана заўважыць, што ўсе чатыры пункты ў гэтым спісе «дасягненняў» — на самай справе сур’ёзныя правалы ўладаў.

Па-першае, галоўнае негатыўнае наступства 2020 года — утрыманне ўлады чалавекам, за якога большасць беларусаў не галасавала, — не пераадоленае і цягне за сабой іншыя: раскол у грамадстве, рэпрэсіі, масавую эміграцыю, напружаныя адносіны з большасцю суседзяў, праблемы ў эканоміцы.

Па-другое, «антыкавідная палітыка» рэжыму Лукашэнкі, калі меркаваць з дакументаў, што трапілі ў распараджэнне BELPOL, прывяла да гібелі дзясяткаў тысяч чалавек.

Словы пра «спакойную і адэкватную рэакцыю» на ўварванне Расіі ва Украіну выглядаюць хутчэй здзекам на фоне таго, што Беларусь ва ўсім дапамагла гэтаму ўварванню. Яшчэ адной праявай дэклараванай «адэкватнасці» на практыцы аказалася размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі, што аўтаматычна ператварыла нашую краіну ў мішэнь для праціўнікаў РФ.

Нарэшце, ніякага санкцыйнага ціску на Беларусь не было б, калі б не злачынствы рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага грамадства і міжнароднага права — такія як узурпацыя ўлады, гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, прымусовая пасадка самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай на борце, міграцыйны крызіс на мяжы з ЕС, датычнасць да вайны. Кожны з такіх крокаў абарочваўся для нашай краіны ўсё новымі і новымі санкцыямі. А цяпер улады, якія самі стварылі праблему, што закранула мноства беларусаў, спрабуюць пераканаць людзей, што спраўляюцца з ёй паспяхова.

«Бацька» не для ўсіх

Цікава параўнаць метадычкі, падрыхтаваныя ідэолагамі для розных груп беларускага грамадства. Яны прыкметна адрозніваюцца адна ад адной, што дазваляе ацаніць, як улады ўяўляюць сабе беларускіх рабочых, інтэлігентаў і моладзь.

Так, версія метадычкі для работнікаў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі завяршаецца элементамі непрыхаванага культу асобы ў простай падачы:

«Абсалютная большасць насельніцтва шчыра лічаць і называюць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкам «Бацькам». Хтосьці ўпэўнены, што краінай больш за 30 гадоў кіруе «дыктатар». І мудры Бацька падчас фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024» у Мастах пагадзіўся з гэтым меркаваннем: «У Беларусі сапраўды ёсць дыктатура — дыктатура стабільнасці, бяспекі, парадку, дабрыні і гасціннасці. Дыктатура справядлівасці»».

Александр Лукашенко на новогоднем балу для молодежи во Дворце независимости. 24 декабря 2024 года. Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка на навагоднім балі для моладзі ў Палацы незалежнасці. 24 снежня 2024 года. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Падыход да моладзі ідэолагі спрабуюць намацаць з іншага боку. Мянушка «Бацька» згадваецца толькі мімаходзь, а акцэнт зроблены на паўсядзённыя патрэбы. У заслугу Лукашэнку тут ставяць тое, што «сёння пытанні, што прыгатаваць на абед і ў што апрануцца і абуцца, востра не стаяць. Можна выправіцца на шопінг па гандлёвых цэнтрах і крамах горада і ўсе ўзніклыя «адзежныя» праблемы вырашыць. Былі б грошы!»

І тут жа, каб напалохаць моладзь стратай нават такога базавага дабрабыту, аўтары пускаюцца ў аповеды пра «татальны дэфіцыт» савецкіх часоў, калі тавары даводзілася «здабываць». «Вы, моладзь, наўрад ці можаце ўявіць сабе, што такое наогул магчыма, і часта з доляй іроніі слухаеце такія гісторыі. Новым пакаленням гэтага не зразумець, вам звыклыя зусім іншыя стандарты жыцця, пра якія вашыя бабулі і дзядулі нават не марылі», — апякунскім тонам дадаюць ідэолагі. Гэта, мабыць, мусіць стаць аргументам галасаваць за Лукашэнку, які напоўніў крамы таварамі (цікава, як без яго справіліся іншыя краіны).

Цікава, што ідэолагі тут супрацьпастаўляюць «квітнеючаму» перыяду кіравання Лукашэнкі менавіта няпростую эпоху СССР. Гэта нехарактэрна для самога палітыка, які няроўна дыхае да часу сваёй маладосці і лічыць распад СССР трагедыяй. Ні ў метадычцы для рабочых, ні ў тэксце для інтэлігенцыі чагосьці падобнага да крытыкі савецкага ладу няма. Відаць, нават ідэолагі разумеюць, што піетэту перад СССР беларуская моладзь не адчувае.

Очередь в молочный магазин, Минск, 1991 год. Фото: instagram/brushko_sergei/
Чарга ў малочную краму, Мінск, 1991 год. Фота: instagram/brushko_sergei/

Прадстаўнікам інтэлігенцыі пра «Бацьку» таксама не расказваюць — замест гэтага вырашылі растлумачыць, чаму не варта хвалявацца праз нізкі ўзровень беларускага ВУП (унутранага валавага прадукту). Аказваецца, «само по себе ВВП на хлеб не намажешь» (захаваная арфаграфія аўтара) і нават вялікі ВУП не гарантыя таго, што краіну «запросяць у клуб багатых і ўплывовых» (што гэта такое, незразумела, але Беларусь, як мы памятаем, такім не цікавіцца — яна ж не «марыянетка Захаду»).

За гэтым ідзе нечаканы для «інтэлігенцкай» метадычкі пасаж. Аўтар, карыстаючыся звыклым «вотэбаўтызмам», згадвае пра тое, што «прыбалтыйскіх суседзяў» прынялі ў сябры АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця) «за нейкія не вядомыя нікому дасягненні», і раптам дэманструе глыбокія пазнанні ў турэмных рэаліях: «Але дадзеная «каранацыя» (гэта як дурачка ў турме для смеху карануюць «злодзеем у законе») не адмяняе лідарства дадзеных дзяржаваў у рэйтынгу сацыяльнай няроўнасці дзяржаваў ЕС».

Без патэрналісцкіх штампаў тут усё ж не абышлося. Аўтары заявілі, што народ — гэта члены сям'і і яны «павінныя быць накормленыя, апранутыя, мець дах над галавой» і гэтак далей. 30 гадоў таму, маўляў, стаялі ў чэргах па хлеб, а цяпер прадуктаў колькі хочаш, ёсць што апрануць і абуць, будуецца жыллё, хай і нятаннае, працуе ахова здароўя, на вуліцах бяспечна. Каму за ўсё гэта дзякаваць, адукаванай аўдыторыі варта здагадацца самой.

Пры гэтым у «інтэлігенцкай» метадычцы выкарыстаны цікавы прыём для працы з натоўпам (раней такога ў гэтых тэкстах не было). Расхваліўшы чарговае «дасягненне» ўладаў, аўтары заканчваюць абзац воклічам: «Так ці не? — Так». Апошняе «так» вылучанае тлустым шрыфтам — магчыма, маецца на ўвазе, што яго мусіць вымаўляць сама аўдыторыя. Напрыклад:

  • «Прадуктаў шмат, яны даступныя цаной, якасць кантралюецца, асартымент пашыраецца. Так ці не? Адкажам без пафасу, без клічніка, спакойна, але абсалютна ўпэўнена — «Так»».
  • «Расце як колькасць квадратных метраў, так і якасць прапанаванага жылля. Так ці не? — Так».
  • «Па сукупным узроўні падтрымкі мацярынства і дзяцінства мы можам даць дзесяць ачкоў наперад любой развітай краіне. Так ці не? — Так».
  • «Спіс краін, якія гарантуюць такі ж узровень бяспекі, вельмі кароткі. Так ці не? — Так».
  • «Замежная палітыка — складаная матэрыя на ўзроўні алхіміі, і вельмі многае не аддаецца галоснасці. Але сям'і ў гэтай сферы перш за ўсё важна, каб тату не забралі на вайну і на дом не падалі бомбы. Атрымліваецца? Так ці не? — Так».
Шаблон мема "Кто мы? Чего мы хотим?", иронизирующий, в частности, над внушаемостью толпы. Источник: meme-arsenal.com
Шаблон мема «Хто мы? Чаго мы хочам?», што іранізуе, у прыватнасці, з унушальнасці натоўпу. Крыніца: meme-arsenal.com

Фінал гэтай эскапады ўражвае. Проста ўявіце, як прамоўца зачытвае гэты тэкст перад аўдыторыяй з «прадстаўнікоў інтэлігенцыі» — мабыць, ён мусіць уразіць яе напускной шчырасцю і патрыятычным пафасам:

«Гістарычна цяпер ёсць шанец (магчыма, адзіны ў нашай гісторыі) вырвацца з «пасткі сярэдняга развіцця» і перайсці на новы ўзровень. Вайна, як цалкам рэальная перспектыва, умомант пахавае гэты шанец, гэта ясна як божы дзень, і нашаму кіраўніцтву яна не патрэбная ні пры якіх умовах. Таму наш лідар і далей будзе дэманстраваць цуды эквілібрыстыкі ў замежнай палітыцы, каб ухіляцца ад удзелу ва ўзброеных канфліктах і пазбегнуць адцягнення ад галоўнай мэты — стварэння на карысць беларускага народа. Лукашэнка ішоў да гэтай мэты ўсё жыццё, ён цалкам паглынуты яе дасягненнем. Ці зробіць ён усё магчымае і немагчымае для яе рэалізацыі. Так ці не? — Так. <…> Ёсць над чым падумаць і каго выбіраць? Так ці не? Адказ відавочны — Так».

Александр Лукашенко выступает перед своими сторонниками на митинге после выборов 16 августа 2020 года, площадь Независимости, Минск. В это же время в другой части города проходило более массовое протестное шествие. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка выступае перад сваімі прыхільнікамі на мітынгу пасля выбараў 16 жніўня 2020 года, плошча Незалежнасці, Мінск. У гэты ж час у іншай частцы горада праходзіла больш масавае пратэснае шэсце. Фота: Reuters

І тут жа выбарчае права зноў ператвараецца ў абавязак — прычым перад канкрэтным кандыдатам: «Застаецца нам усім зрабіць самае малое, што можам, — рэалізаваць сваё права, а дакладней, калі любіш і шануеш сваю краіну, сваю сям’ю Беларусь, выканаць свой грамадзянскі абавязак — прагаласаваць за правільнага кандыдата, здольнага забяспечыць мірнае, годнае развіццё гэтай сям'і».

Як бачым, каб пераканаць беларусаў у паспяховасці кіравання Аляксандра Лукашэнкі і завабіць іх на выбарчыя ўчасткі, выкарыстоўваецца мноства маніпуляцый і хлусні, а месцамі грамадзян проста падштурхоўваюць да «правільнага» выбару. Навошта гэта ўладам, калі, як яны запэўніваюць, рэйтынг даверу гэтага палітыка перавышае 80%? Пытанне рытарычнае.

Чытайце таксама