«Дзякуй табе божа, што хоць сыходзіць!» — сказаў Лукашэнка ў адказ на навіну пра тое, што McDonald’s пакідае Беларусь, дадаўшы, што не разумее, «хто гэта спажывае». «Твой двайны чызбургер, сярэдняя бульбачка і ўзрушальны водар свежазваранай кавы заўсёды выклікаў прыліў эндарфіну. Ты быў нашай эпохай», — пішуць у сваіх сацсетках развітальныя пасты беларусы. Панядзелак, 21 лістапада, — апошні дзень, калі папулярная сетка працуе ў краіне. Праз некалькі гадзін рэстараны сеткі закрыюцца, а з аўторка пачнуць працаваць пад расійскім брэндам «Вкусно — и точка», з «Біг Спешыял» і «Чыкен Хіт» замест «Біг Тэйсці» і «Макчыкен». Паглядзелі, як жыхары краіны развітваюцца з любімым брэндам фастфуду.
«Макдональдс — гэта смак паездак з мамай у тэатр ці ў кіно, пасля якіх абавязкова трэба зайсці па „Хэпі Міл“. Гэта смак найлепшых дзён нараджэння ў дзяцінстве. Гэта смак падарожжаў, калі на вакзале перад цягніком ты заходзіш узяць пару „чызаў“. Гэта смак вяртання дадому, калі раніцай па прыездзе ты бярэш „максняданак“. Макдональдс — гэта смак лета, калі вы гуляеце ўсю ноч да раніцы і чакаеце адкрыцця, каб узяць бульбу з марозівам. Гэта смак студэнцтва, гэта першая падпрацоўка…» — напісала яшчэ ў сярэдзіне лістапада жыхарка Мінска пад сумным фота на фоне вядомай шыльды, якую неўзабаве здымуць.
Пра дзіцячыя ўспаміны напісала і яшчэ адна беларуска: «Памятаю, як мы прасіліся ў Мак, а атрымлівалі сасіску і булку. Як нас замест фастфуду вазілі ў італьянскі рэстаран, а мы вельмі хацелі менавіта ў „Макдональдс“. За „Хэпі Міл“ мы прадалі б душу. <…> Фастфуду ў свеце велізарная разнастайнасць, нехта любіць, нехта не, але гэта ж McDonald’s…» дзяўчына падзялілася, што ўжо была ў рэстаранах расійскай сеткі «Вкусно — и точка» і не заўважыла розніцы ў смаку.
«Бывай, Макдак!!! Ты быў нашай эпохай. <…> Ты застанешся ў нашых сэрцах, у прыемных успамінах назаўсёды».
«Калі я быў маленькі, Макдональдс быў толькі ў Мінску. Для ўсіх „несталічных“ наведванне Мака было абавязковай праграмай. І гэтая жоўтая літара М выклікала пачуццё радасці і адчуванне прыгожага. Прайшло шмат гадоў, у мяне ёсць уласны сын, і з сумам хочацца канстатаваць, што канкурэнта „Маку“ ў плане даступнасці, абслугоўвання і якасці за гэты час так і не з’явілася. Дзякуй, „Макдональдс“. Будзем сумаваць!» — напісаў яшчэ адзін беларус пад фота на фоне рэстарана на Кастрычніцкай.
«Гэта не проста фастфуд. Гэта пра мой Мінск, пра знакавыя падзеі і месцы. Гэта пра першае акно ў іншы свет, дзе табе ўсміхаюцца, дораць шарык, пра дзень нараджэння і сустрэчы пад гадзіннікам. Я не ведаю, што яшчэ можа адбыцца, бурацца нават непарушныя рэчы, таму мне патрэбнае фота там», — піша яшчэ адзін чытач.
Развітваюцца з мінскім «Макдональдсам» і замежныя студэнты.
«Я не скажу, што моцна любіў цябе і песціў сваімі наведваннямі, але твой двайны чызбургер, сярэдняя бульбачка і ўзрушальны водар свежазваранай кавы заўсёды выклікаў прыліў эндарфіну… Ты назаўжды застанешся ў маёй памяці і кропка!»
«Ну вось і мы апошні раз з’ездзілі. Але я асабліва не хвалююся ў сувязі з ад’ездам гэтага брэнда. Крочым далей», — кажа жыхарка Магілёўскай вобласці, не хвалюючыся праз перамены і заўважаючы, што «дома смачней».
«Развітваюся з „Макам“. Сімвалам сталасці і прадказальнасці ў маім свеце. Туды забягала студэнткай па „Хэпі Міл“. Калі была праездам у Мінску, там абмяркоўваліся важныя планы і рашэнні з будучым мужам, там саграваліся кавай пасля вяселля, там размовы і жарты ліліся ракой з сябрамі. Адтуль муж насіў пакеты для цяжарнай з дзівацтвамі, там суцяшаліся цацкамі з дзецьмі пасля стаматолагаў і аналізаў, туды вадзілі бабуляў і дзядуляў, як на экскурсію ў іншы нязнаны ім свет, свет без віз. Там дзяліліся сакрэтамі і ідэямі з падрослымі дзецьмі, туды ўцякалі з мітуслівага школьнага выпускнога, там заўсёды было ўтульна і радасна, прыгожа, чыста, а нам яшчэ і смачна. І, самае галоўнае, бяспечна!!! Ад Мінска і Віцебска да Варшавы, Прагі, Вены і Венецыі. „Макдональдс“, а потым ніякіх аптэк! Дзякуй, „Мак“, за класныя і незабыўныя моманты! За 25 гадоў! Але наш трамвайчык прыбыў-такі на канцавы…»
«Развіталіся з любімай кавай і падвойным чызам! Будзем есці дранікі».
«На памяць пра эпоху, якая мінае».
«Развіталіся. Спадзяюся, не назаўсёды», — піша яшчэ адна беларуска, дадаўшы ў каментарах адказ: — «Сумна нам, і кропка».
«Сыходзіць эпоха, мне сумна. Гэта яшчэ адзін напамін пра тое, у які час мы жывём. Калісьці для дзяўчынкі з правінцыйнага гарадка „Макдональдс“ быў марай, знаходзіўся толькі ў Мінску. Паспрабавала бургер я толькі пасля 10 класа. Цяпер у фастфудзе няма нічога незвычайнага, флёр нейкай недаступнай замежнасці знік. А настальгія па тых часах засталася. Памятаю, неяк у кабінеце стаматолага было ўключанае радыё, а там дыджэй і слухачы расказвалі пра любімую ежу з 90-х. Адна дзяўчына сказала, як бацька-дальнабойшчык прывёз адзін бургер на сям’ю з чатырох чалавек, дык яны яшчэ з суседзямі змудрыліся падзяліцца. Гэта было так расказана, што смяяліся ўсе, і дыджэй, і доктар, і я з велізарным рэтрактарам у роце. А цяпер „Макдональдс“ сыходзіць, а ў гэтае месца хадзіць зусім не хочацца…»
«Бывай, „МакДак“! Я буду сумаваць! Хоць і не была тваёй частай госцяй, але па чызбургер часам зазірала! А цяпер усё! НЕ ПАЙДУ… і кропка!!!»
«Бывай…Эх, цяпер будзе «Сумна — і…»
Сыход «Макдональдса» з рынку Беларусі
Нагадаем, як стала вядома 11 лістапада, «Макдональдс» сыходзіць з беларускага рынку. Яго месца зойме фастфуд «Вкусно — и точка». Гэта расійская сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў памяшканнях McDonald’s пасля яе закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару. Адкрыццё першых рэстаранаў сеткі прайшло 12 чэрвеня 2022 года.
Меню абноўленай сеткі засталося ранейшым, але былі змененыя назвы страваў — з іх прыбраная прыстаўка «Мак». З 15 верасня замест напояў Coca-Cola, Fanta і Sprite у расійскай сетцы прадаюцца напоі пад брэндам «Добрый», які таксама належыць The Coca-Cola Company.
На думку аднаго з супрацоўнікаў, прычына такога рашэння — эканамічная: праз узрослыя выдаткі на лагістыку і праблемы з пастаўкамі беларускі бок палічыў мэтазгодным адмовіцца ад амерыканскай франшызы і «прадацца» расійскай сетцы.
Рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларуси 22 лістапада.
Раней у рэстаранах беларускай сеткі McDonald’s пачалі знікаць некаторыя стравы з меню. У кампаніі гэта тлумачылі складанасцямі з пастаўкамі. Спачатку сетка прыбрала шэраг пазіцыі з «МакСняданкаў», потым тое самае адбылося з «БігТэйсці».
18 лістапада, каментуючы сыход «Макдональдса», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго месца павінныя заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.