Наталля Качанава адказала жорсткай адмовай сустрэцца з грамадзянскай ініцыятывай «Маці-328», якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за нарказлачынствы. Ім закрыты доступ да напісання петыцый, гэтая тэма цяпер пад забаронай і ўваходзіць у чорны спіс мадэратараў, піша MAYDAY.TEAM.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сярэдзіне красавіка анансавала асабісты прыём грамадзян у Мінску і Жлобіне ў межах адзінага дня прыёму грамадзян у Гомельскай вобласці.
Даты прыёму прыпадалі на пачатак траўня, для гэтага трэба было папярэдне запісацца цягам двух дзён — 23 і 24 красавіка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, два тэлефоны для рэгістрацыі ахвотных працавалі толькі чатыры гадзіны на дзень: дзве гадзіны да абеду і дзве пасля. Тым не менш «Маці-328» здолелі арганізаваць дзяжурства і запісацца і ў Мінск, і ў Жлобін.
«Спачатку ў добразычлівай манеры ім было сказана, што заяўкі іх прынятыя і ім ператэлефануюць, каб удакладніць, колькі чалавек і ў які час прыйдзе на прыём. Але пазней неафіцыйна актывістам руху далі зразумець, што Наталля Качанава раздражнёная тэмай, а ўлады больш не збіраюцца абмяркоўваць непрапарцыйна вялікія тэрміны для няпоўнагадовых і іншыя праблемы асуджаных за нарказлачынствы», — паведамляе MAYDAY.TEAM.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ніякага званка ўдзельнікам ініцыятывы не было і ў сустрэчы з Качанавай ім адмовілі. Больш за тое, падчас спробы апублікаваць петыцыю на спецыялізаваных сайтах «Маці-328» атрымалі адмову мадэратараў.
Нагадаем, у канцы 2014 года ў Беларусі ўзмацнілі заканадаўства па наркатычных артыкулах. Змены ўдарылі не толькі па буйных дылерах, але і па тых, хто купляў такія рэчывы. У выніку за знойдзеныя невялікія дозы людзі (у асноўным маладыя) траплялі за краты на велізарныя тэрміны. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да з’яўлення руху «Маці-328» (па нумары «наркатычнага» артыкула КК), які дагэтуль спрабуе дабіцца змякчэння пакарання для дзяцей, якія трапілі ў калоніі.
Увесну 2018-га ўдзельніцы руху «Маці-328» пачалі галадоўку, асноўных патрабаванняў у іх было тры: сустрэцца з Лукашэнкам, стварыць камісію, якая б занялася пераглядам справаў па артыкуле 328, і змякчыць яго. Сярод іншых яны звярталіся да Качанавай, тагачаснай кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі. Тая, з іх словаў, абяцала пісьмова адказаць, на якой стадыі знаходзіцца законапраект пра папраўкі ў «наркатычныя» артыкулы. Але толькі праз год пасля шэрагу сустрэч і супраціву з боку МУС папраўкі ў заканадаўства ўсё ж прынялі. Увесь гэты час чыноўніца працягвала сустракацца з «Маці-328», якія казалі, што яна «разумее іх гора».