Актор Дзмітрый Есяневіч, які сышоў з тэатра імя Янкі Купалы ў 2020-м, эвакуяваны з Беларусі, паведаміў кіраўнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.
«Актор з дуэта „ЧынЧынЧэнэл“ на волі і ў бяспецы», — напісаў Стрыжак у Facebook.
Як паведамляе «Наша Ніва», Дзмітрый Есяневіч быў затрыманы ў траўні 2024 года, калі спрабаваў выехаць з Беларусі на гастролі. Тады актор трапіў на «суткі», аднак інфармацыя пра гэта не публікавалася.
Дзмітрый Есяневіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў Чэрвенскім раёне. У 2003 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «акторскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно». У 2003−2020 гадах працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У 2020-м разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатра звольніўся на знак пратэсту.
У красавіку 2023 года Есяневіч стаў ахвярай цэнзуры — яго прыбралі з постара і з тытраў серыяла «За полчаса до весны» пра Уладзіміра Мулявіна і ансамбль «Песняры», а твар размылі ці ўвогуле не паказалі.
Апошнім часам актор здымаўся ў сатырычных роліках праекта «ЧынЧынЧэнэл» у вобразе чыноўніка Мікалая Сяргеевіча.