Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


З канца красавіка — то-бок ужо больш за месяц — не вядома, што адбываецца з Віктарам Бабарыкам. Пасля з’яўлення інфармацыі пра шпіталізацыю палітыка, які адбывае 14-гадовы тэрмін, палітыка было мноства супярэчлівых паведамленняў. Гаворка ішла і пра збіццё палітвязня, і пра пагрозу яго жыццю. З таго часу прынцыпова нічога не змянілася — дзяржорганы адмаўляюцца даваць поўную інфармацыю пра Бабарыку, заяўляючы толькі, што ён «жывы і здаровы». Такое стаўленне можа падацца чымсьці новым для беларускіх уладаў, але ёсць краіны, дзе пра лёс палітвязняў нічога не вядома гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Магчыма, што крыніцай «натхнення» для Беларусі паслужыў Туркменістан — расказваем пра страшную палітычную справу, якая здарылася ў гэтай краіне, і яе наступствы для апанентаў улады.

З першага сакратара кампартыі — у Туркменбашы

Імя Сапармурата Ніязава з’явілася на палітычным небасхіле Туркменістана яшчэ ў 1980-я. У сакавіку 1985-га, якраз калі да ўлады ў Маскве прыйшоў Міхаіл Гарбачоў, ён узначаліў урад роднай рэспублікі. А ў снежні таго ж года стаў першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Туркменскай ССР — фактычным кіраўніком рэспублікі. Праз пяць гадоў, у 1990-м, у Саюзе пачалі ўводзіць пасады прэзідэнтаў. Туркменістан не быў выключэннем. Праўда, выбары аказаліся безальтэрнатыўнымі: Ніязаў іх выйграў як адзіны кандыдат, набраўшы 98,3% галасоў выбаршчыкаў.

У наступным годзе Савецкі Саюз абрынуўся. Але чыста псіхалагічна ўчорашнія першыя сакратары не былі ўпэўненыя, што распад СССР канчатковы, а таму не ведалі, як сябе паводзіць. Напрыклад, пасля жнівеньскіх падзей 1991-га (спробы ГКЧП арганізаваць дзяржаўны пераварот) лідары большасці рэспублік Цэнтральнай Азіі не спяшаліся асуджаць путчыстаў і не спрачаючыся выказалі гатоўнасць застацца пад уладай Масквы і Гарбачова. Напрыклад, у кастрычніку акрамя іх дамову пра Эканамічную супольнасць былі гатовыя падпісаць толькі Арменія, Беларусь і Расія. У снежні дамову пра Саюз суверэнных дзяржаваў (ССГ, у будучыні СНД) — толькі цэнтральнаазіяцкія рэспублікі, а таксама Расія, Беларусь і Азербайджан.

Фото: Reuters
Сапармурат Ніязаў (злева). Фота: Reuters

Таму першай рэакцыяй Ніязава на Белавежскія пагадненні, якія паклалі канец СССР, стаў заклік да кіраўнікоў цэнтральнаазіяцкіх рэспублік сустрэцца ў Ашхабадзе, каб аб’яднацца. «Разумееце, ён баяўся ўзяць адказнасць на сябе», — успамінаў Нурмухамед Ханамаў, які ў пачатку 1980-х працаваў з Ніязавым у апараце ЦК, а потым быў амбасадарам Туркменістана ў Турцыі. Пра гэтага чалавека яшчэ будзе гаворка ў гэтым тэксце.

Маладыя дзяржавы Цэнтральнай Азіі яшчэ доўга не маглі зразумець, як існаваць без кіраўніцтва з Крамля. Паводле Ханамава, падчас візіту ў Кітай Ніязаў прапанаваў яго кіраўніку: «А давайце мы з вамі аб’яднаемся. Вы для нас будзеце лідарам, мы на вас раўняцца будзем!» Той, зразумела, адмовіў. Аналагічныя прапановы прэзідэнт Туркменістана рабіў і Турцыі.

Ханамаў лічыў, што «ўпэўнена і свабодна» Ніязаў адчуў сябе толькі пасля кастрычніка 1993-га, калі ў Маскве адбыўся расстрэл парламента: «Тады ён зразумеў, што дарогі назад няма».

З таго часу Ніязаў пачаў мяняцца. Са звычайнага партыйнага чыноўніка ён ператвараўся ў аўтарытарнага кіраўніка, што адгароджваецца ад суседзяў. У 1992-м была створаная Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) — з моманту заснавання ў яе ўвайшлі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Ніязаў дэманстратыўна не стаў туды ўступаць. Ды і ў складзе СНД статус краіны аказаўся нявызначаным. Туркменістан так і не ратыфікаваў статуту арганізацыі і ўрэшце атрымаў у ёй толькі статус асацыяванага сябра-назіральніка. Гэта было свядомае рашэнне Ніязава, які зрабіў стаўку на поўнае адасабленне. Балазе, велізарныя запасы газу (і грошай з яго продажу) дазвалялі яму так зрабіць.

Паралельна ішлі рэпрэсіі і зачыстка прасторы ўнутры краіны. «Літаральна за два гады ён зрабіў так, што супраціўляцца ўжо ніхто не мог. Непажаданых адпраўляў альбо працаваць за мяжу па дыпламатычнай лініі, альбо саджаў у турму і пераследваў іх сваякоў. Паралельна з гэтым праводзіў грандыёзныя па маштабах скарачэнні. Да прыкладу, некалькі разоў звальняў па 10 тысяч настаўнікаў і дактароў», — расказваў Ханамаў.

Нядзіўна, што ўлада Ніязава ўсё больш узмацнялася. У траўні 1992-га была прынятая Канстытуцыя краіны. Пасля гэтага выбары правялі зноў. Сцэнар быў тым самым: адзін кандыдат — Ніязаў, ён жа і перамог. У 1993-м улады Туркменістана прапанавалі пакінуць Ніязава прэзідэнтам да 2002 года без перавыбараў, і ідэю, паводле афіцыйных звестак, падтрымалі жыхары на рэферэндуме ў 1994-м. Але і гэта не ўсё: у 1999-м Народны савет Туркменістана (што фармальна быў найвышэйшым калектыўным органам улады ў краіне) прыняў рашэнне прызначыць Ніязава пажыццёвым прэзідэнтам.

Женщины на улицах Ашхабада, Туркменистан. Фото: Reuters
Жанчыны на вуліцах Ашхабада, Туркменістан. Фота: Reuters

Культ асобы Ніязава дасягнуў нечуваных маштабаў. У гонар Туркменбашы («кіраўніка туркменаў») назвалі горад, пасёлкі, заліў, аэрапорт. У 2002-м ён увёў новы каляндар. Студзень назвалі ў гонар яго самога — «туркменбашы». Красавік перайменавалі ў «гурбансалтан-эджэ» — у гонар маці прэзідэнта, верасень — у «рухнаму» (у гонар кнігі, напісанай Ніязавым), лістапад-у «санджар».

Менавіта ў гэты месяц адбыліся жахлівыя падзеі, што ўвайшлі ў гісторыю краіны.

«Замах» на Ніязава і затрыманні

Спачатку раскажам афіцыйную версію. 25 лістапада (або 25 саджара паводле новага туркменскага календара) 2002 года стала вядома пра нібыта спробу замаху на жыццё Ніязава. Раніцай таго дня ён ехаў з загараднай рэзідэнцыі на працу ў цэнтр Ашхабада, сталіцы краіны. На адным з участкаў на праспект нібыта нечакана выехаў КамАЗ, які адрэзаў машыну Ніязава, за рулём якой знаходзіўся сам Туркменбашы, ад аўтамабіляў суправаджэння.

Картэж нібыта трапіў пад жорсткі перакрыжаваны аўтаматны і пісталетны агонь, які вёўся з легкавых BMW і дзвюх «Газеляў», што стаялі паміж дамамі. З іх, а таксама з суседняга жылога дома, выскачылі некалькі чалавек і адкрылі агонь па картэжы. У выніку нападу паранілі некалькі чалавек, у тым ліку аднаго афіцэра, які спрабаваў спыніць КамАЗ, але быў збіты грузавіком. А вось Туркмебашы пры гэтым не пацярпеў і шчасліва даехаў да прэзідэнцкага палаца. Паводле Ніязава, пра абстрэл ён наогул даведаўся толькі калі прыбыў у палац. «Мая машына праскочыла наперад, высунуты на скрыжаванне шматтонны КамАЗ стрымаў ход толькі дзвюх машын, якія ішлі ў канцы картэжу», — казаў Туркменбашы.

Прыбыўшы ў свой палац, Ніязаў сабраў экстраннае паседжанне Кабінета міністраў і на ім заявіў, што замах арганізавалі экс-міністр замежных справаў Барыс Шыхмурадаў, згаданы вышэй экс-дыпламат Нурмухамед Ханамаў, экс-кіраўнік Цэнтрабанка Худайберды Аразаў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Сапармурат Ыклымаў. Усе яны, акрамя апошняга, уваходзілі ў найвышэйшае кіраўніцтва апазіцыйнага Народна-дэмакратычнага руху Туркменістана (НДРТ) і — акрамя Шыхмурадава — знаходзіліся ў эміграцыі ў Кітаі.

Борис Шихмурадов. Фото: eurasianews.info, ru.wikipedia.org
Барыс Шыхмурадаў. Фота: eurasianews.info, ru.wikipedia.org

Генпракуратура аператыўна распачала крымінальную справу. Ужо 26 лістапада ўлады арыштавалі больш за сто чалавек. Усяго ж колькасць затрыманых дасягала прыкладна тысячы. Напрыклад, у адной толькі сям'і Сапармурата Ыклымава былі ўзятыя пад варту больш чым сто чалавек.

Чыноўнікі, што засталіся на волі, імкнуліся выслужыцца і ўнікнуць аналагічнага лёсу. 30 лістапада начальнік аддзела міжнароднай інфармацыі апарата прэзідэнта Сердар Дурдыеў апублікаваў у газеце «Нейтральны Туркменістан» артыкул пад загалоўкам «Змова асуджаных». У ёй быў такі тэкст: «Яны [Шыхмурадаў і Ханамаў] стралялі ў народ, у туркменскую гісторыю, у нашыя нацыянальныя ідэалы, у нашую мару пра незалежную, гордую, моцную і згуртаваную дзяржаву. Іх цяпер называюць здраднікамі Радзімы. Не згодны. Няма ў іх Радзімы, няма і не будзе. Іх радзіма — крымінальная „маліна“, іх рэлігія — грошы, іх мараль — урваць як найбольш, а калі не ўдаецца — заліць крывёю ўсё вакол».

Публічнае выказванне пачулі. Дурдыеў зрабіў кар’еру — праўда, не такую, пра якую, мяркуючы з усяго, марыў. У 2019-м ён быў усяго толькі дарадцам амбасады сваёй краіны ў Расіі.

Нурмухамед Ханамов. Фото: скриншот видео
Нурмухамед Ханамаў. Фота: скрыншот відэа youtube.com/@TurkmenDissidentTV

4 снежня генпракурор рэспублікі Курбанбібі Атаджанава расказала на тэлебачанні падрабязнасці «замаху». Паводле яе словаў, на жыццё Туркменбашы замахваліся шасцёра туркаў, 12 грамадзян Туркменістана, трое чачэнцаў, адзін малдаванін з амерыканскім пашпартам і армянін. Яна назвала галоўным арганізатарам замаху Шыхмурадава, сярод яго памочнікаў нібыта былі Ханамаў, Аразаў і Ыклымаў, якія збіраліся, забіўшы Ніязава, захапіць уладу ў Туркменістане. Генпракурор сцвярджала, што нападнікамі кіраваў бізнесовец Гуванч Джумаеў. Нібыта менавіта ён першым адкрыў агонь з аўтамата — у той жа перадачы паказалі фрагменты яго допыту, падчас якога Джумаеў прызнаўся ва ўдзеле ў замаху на Ніязава.

«Наймітам плацілі па 500 даляраў ЗША ў месяц, у выпадку ўдалага завяршэння аперацыі ім была абяцаная выплата 25 тысяч даляраў, калі ж хтосьці з іх пацярпіць падчас аперацыі, то іх сем'і атрымаюць па 50 тысяч даляраў», — заявіла тады Атаджанава. Са словаў генпракурора, зброю нібыта закупілі ў Расіі і нелегальна пераправілі ў Туркменістан «у схованках транзітных грузавых фур».

Катаванні і псіхатропы

Затрыманні працягнуліся і пасля заявы генпракурора. Усіх арыштаваных катавалі. Напрыклад, сястра затрыманага экс-міністра замежных справаў Батыра Бердыева расказвала, што яе брата, прыкаванага кайданкамі да дзвярэй, трое супрацоўнікаў спецслужбаў дэманстратыўна і жорстка збівалі проста на яе вачах (саму жанчыну таксама затрымлівалі). Сястра Шыхмурадава, якая сама жыла ў Маскве, сцвярджала, што яе родных катавалі вытанчана: сілавікі прыходзілі да іх 85-гадовай маці, якая не падымалася з ложка, і дапытвалі яе начамі.

Тым часам Барыс Шыхмурадаў знаходзіўся ў падполлі: ён хаваўся на кватэры сяброў і ва ўзбекскай амбасадзе. «У апошнія дні пошукі людзей і арышты пачалі насіць жорсткі характар у сувязі з тым, што я яшчэ знаходзіўся на волі. Людзей пачалі збіваць і аказваць псіхалагічны ціск самым жорсткім чынам толькі дзеля таго, каб яны прызналіся ў тым, што мяне дзесьці бачылі ці нешта чулі пра маё месцазнаходжанне. <…> Я не знайшоў для сябе магчымым усё гэта назіраць збоку», — заявіў Шыхмурадаў 24 снежня. Ён паспадзяваўся, што з яго арыштам пераслед ні ў чым не вінаватых людзей спыніцца, і вырашыў добраахвотна здацца. 25 снежня палітык паведаміў уладам пра сваё месцазнаходжанне.

Батыре Бердыев. Фото: hronikatm.com
Батыр Бердыеў. Фота: hronikatm.com

Ведаючы пра рэпрэсіі ў турмах, Шыхмурадаў не меў ілюзій наконт сваёй будучыні. «Мы ўжо былі неаднаразовымі сведкамі таго, як на людзей не толькі ўздзейнічалі фізічнымі катаваннямі, але і ўжывалі жорсткія метады псіхалагічнага ціску з выкарыстаннем розных псіхатропных прэпаратаў і іншых сродкаў уздзеяння на асобу. Прашу вас прыняць да ўвагі, што не магу несці адказнасць за ўсе свае словы, якія, магчыма, будуць растыражаваныя праз падкантрольныя Ніязаву СМІ і праваахоўныя органы», — заявіў ён.

Рашэнне Шыхмурадава часткова дапамагло яго родным. Допыты яго маці спыніліся. Паводле словаў сястры, адпусцілі яшчэ некалькі сваякоў — да гэтага мужчын затрымлівалі без разбору. Але затрыманы брат Шыхмурадава Канстанцін так і застаўся за кратамі. А самога Барыса чакаў страшны лёс, які ён прадчуваў.

Ужо 29 снежня, менш чым праз тыдзень пасля затрымання, Шыхмурадаў выступіў па тэлебачанні і заявіў, што «ніякай апазіцыі не існуе, была створаная злачынная групоўка для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Туркменіі, падрыву канстытуцыйнага ладу і здзяйснення замаху на прэзідэнта». Палітык заклікаў сваіх паплечнікаў, якія засталіся на волі, здацца ўладам. «Прэзідэнт Сапармурат Туркменбашы — гэта дар народу Туркменістана звыш», — адзначыў ён.

30 снежня, на наступны дзень пасля гэтага выступу (і ўсяго праз месяц з лішнім пасля «замаху»), палітыка асудзілі на максімальныя паводле заканадаўства 25 гадоў зняволення. Але пасля гэтага Народны савет у тэрміновым парадку ўнёс папраўку ў Канстытуцыю, змяніўшы самы высокі дапушчальны тэрмін, і аднагалосна асудзіў Шыхмурадава і шасцярых яго паплечнікаў на пажыццёвае зняволенне. Дэлегаты, праўда, спачатку патрабавалі прызначыць яму смяротнае пакаранне, але Туркменбашы праявіў «гуманізм». Яшчэ 55 чалавек асудзілі на розныя тэрміны пазбаўлення волі, шасцярых з іх — на пажыццёвыя.

Як дабіваліся такіх прызнанняў па тэлебачанні? «Пару разоў выпадкова бачыў [Шыхмурадава] у пракуратуры. Мяне вялі калідорам, і дзверы ў кабінет, дзе яго дапытвалі, былі адчыненыя. І я ўбачыў, як яго калолі ў патыліцу нейкай гадасцю. Яны абсалютна нічога не хавалі… Мяне таксама калолі, і кожны раз у месцы ўколу ўтвараўся сіняк», — успамінаў бізнесовец Леанід Камароўскі, затрыманы па той самай справе, пра выкарыстанне псіхатропаў (пра гэтага чалавека мы яшчэ раскажам ніжэй).

У іншым інтэрв'ю ён жа расказваў падрабязнасці: «У падвале ізалятара МНБ (Міністэрства нацыянальнай бяспекі, аналаг КДБ. — Заўв. рэд.) ёсць спецыяльныя камеры для катаванняў. Мяне туды завялі, ударылі па нырках так, што я ледзь не страціў прытомнасць. Пасадзілі ў крэсла, на морду нацягнулі чорную вязаную шапачку. Руку прыціснулі да стала і пачалі рабіць укол у вену. У мяне яшчэ вены паганыя, раз пяць тыкалі, пакуль трапілі. Я адчуў паніку, вырашыў, што мяне забіваюць такім чынам. Калі лекі пайшлі ў вену, галава загула, наваліўся цяжар, потым правал. А потым ачуняў як пасля непрытомнасці. І нічога не памятаю. Вось у гэтым стане мяне і здымалі на відэа. Я нешта чытаў з паперкі, якую мне падсунулі».

Агулам Камароўскага, паводле ягоных словаў, за пяць месяцаў білі сем-восем разоў: «Адбілі ныркі, пачаліся дзікія колікі, я на сценку лез ад болю». Бізнесовец успамінаў і іншых асуджаных, якія сядзелі разам з ім: напрыклад, іранца, у якога «на шчацэ быў ацёк памерам з дыню — вынік пастаянных збіванняў. Яго пяць дзён трымалі ў жалезнай труне, вертыкальна, падвешаным за рукі. Ён расказаў, за што сеў: спрабаваў гандляваць з Туркменістанам, прадаваў мармур. Ну, мармур яны ўзялі, грошы не заплацілі, іранец прыехаў разбірацца».

Леонид Комаровский. Фото: news.fergananews.com
Леанід Камароўскі. Фота: news.fergananews.com

Паводле Камароўскага, яго як амерыканскага грамадзяніна пры гэтым раз на тыдзень вадзілі ў душ і — на першае патрабаванне — у прыбіральню. А вось большая частка абвінавачаных сядзела ў ІЧУ. «Па 40 чалавек на 15 метраў. Ім месяцамі не давалі памыцца. Здаралася мне ездзіць з імі на допыты ў адной машыне. Такі смурод!» — казаў ён у 2003-м.

Самае страшнае, што такія катаванні не сталі нечым новым, а былі нормай у краіне яшчэ з 1990-х.

Як расказваў былы следчы МУС Туркменістана Чары Анамурадаў, практыка катаванняў у праваахоўных органах Туркменістана пачалася ў 1995-м, а замацавалася ў 1996 годзе: «Дапусцім, падвешвалі за члены, прывязвалі чалавека ўніз галавой, да члена цагліну прывязвалі або ў задні праход уводзілі распаленую паяльную лямпу, пад пазногаць „гарачы кол“ забівалі — то-бок уводзілі хларыд кальцыю. Дапусцім, цябе затрымліваюць, тваю жонку таксама арыштоўваюць, і табе прапануюць: альбо ты даеш паказанні прызнальныя і паказваеш на патрэбных людзей, альбо мы тваю жонку таксама [арыштуем] як суўдзельніцу».

Апошні шанец апазіцыі

Што ж у рэальнасці здарылася ў 2002-м? Незадоўга да гэтага, у пачатку нулявых, туркменская апазіцыя сапраўды паспрабавала зрынуць дыктатара. Адным з яе лідараў стаў Барыс Шыхмурадаў. Ён быў на дзевяць гадоў маладзейшы за Ніязава. Той нарадзіўся ў 1940-м, яго падначалены — у 1949-м. За савецкім часам зрабіў журналісцкую і дыпламатычную кар’еру, працуючы ў амбасадах СССР у Пакістане і Індыі. За Ніязавым быў міністрам замежных справаў і віцэ-прэм'ерам. Па стане на 2001-ы — амбасадарам Туркменістана ў Кітаі.

У лістападзе 2001-га Шыхмурадаў абвясціў пра пераход у апазіцыю, а ў снежні стварыў апазіцыйны сайт «Гундагар». Палітык стаў лідарам створанага ім Народна-дэмакратычнага руху Туркменістана (НДРТ). Другім сустаршынёй арганізацыі стаў згаданы вышэй Ханамаў, які ў 2002-м таксама пайшоў у апазіцыю.

Рух паспрабаваў змяніць уладу — з дапамогай мірных пратэстаў. Ханамаў застаўся за мяжой, а вось Шыхмурадаў нелегальна вярнуўся на радзіму. Гэта адбылося ў верасні 2002-га. Паводле іншай версіі, расказанай Камароўскім, — ужо непасрэдна перад «замахам»: «Перайшоў мяжу праз пяскі <…>. Дакладней, пераехаў на матацыкле „Урал“ у ноч з 23 на 24 лістапада».

Шыхмурадаў сцвярджаў, што на канец лістапада было запланаванае правядзенне масавых дэманстрацый адначасова ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Ашхабадзе. «Я ведала, што яны хацелі зрынуць Ніязава. Але ні пра які замах і тым больш пра забойства гаворкі ніколі не ішло, Барыс з таварышамі разлічвалі, што Ніязаў добраахвотна складзе паўнамоцтвы», — успамінала Таццяна Шыхмурадава, жонка палітыка.

Яна казала, што даведалася пра падзеі, якія здарыліся 25 лістапада, з інтэрнэту. «Мы з Барысам разумелі, што ўсе размовы могуць праслухоўвацца, і ніколі не вымаўлялі ніякіх словаў, якімі можна было назваць задуманае: „дэманстрацыя“, „пераварот“, „змена ўлады“, яшчэ неяк… Мы гэтыя словы не выкарыстоўвалі. Мы казалі — „вяселле“, — успамінала яна. — І калі я пачула пра тое, што здарылася [25 лістапада], я адразу ж патэлефанавала Барысу, і ён сказаў: „Гэта было вяселле, але не нашае“. І я гэта назаўжды запомніла. Ён адразу даў зразумець, што гэта быў не іх сцэнар. Вельмі хутка сувязь з ім перарвалася. І наступным разам я ўбачыла яго ўжо ў навінах па тэлевізары».

Пра планы змоўшчыкаў можна меркаваць з аповеду згаданага вышэй бізнесоўца Леаніда Камароўскага — адзінага, хто змог з’ехаць з краіны і расказаць сваю гісторыю. Гэта стала магчымым дзякуючы яго амерыканскаму грамадзянству — за яго як за свайго грамадзяніна змагаліся Злучаныя Штаты (рускі па нацыянальнасці, ён у 1995-м эміграваў у ЗША).

Ашхабад, столица Туркменстана. 2015 год. Фото: Bjørn Christian Tørrissen, bjornfree.com, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Ашхабад, сталіца Туркменістана, 2015 год. Фота: Bjørn Christian Tørrissen, bjornfree.com, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

«Мяркуйце самі: спецыяльная супрацоўніца Дзярждэпа штодня тэлефанавала маёй жонцы і майму сыну, расказваючы пра тое, якія робяцца дзеянні для майго вызвалення. Амаль штодня амбасада ЗША ў Ашхабадзе бамбардзіравала МЗС Туркменістана нотамі з патрабаваннямі забяспечыць рэгулярныя кантакты са мной, патрабавала розных тлумачэнняў з самых розных нагодаў і, урэшце, майго вызвалення. Разам са мной па гэтай справе праходзілі 15 грамадзян Расійскай Федэрацыі, у дачыненні да якіх улады РФ не рабілі наогул ніякіх дзеянняў. Я двойчы выступаў у Дзярждуме РФ з патрабаваннямі дапамагчы гэтым зняволеным, але рэакцыя аказалася нулявой», — расказваў Камароўскі.

Гэты бізнесовец яшчэ з 1990 года сябраваў з іншым прадпрымальнікам, ужо згаданым Гуванчам Джумаевым (які нібыта і адкрыў агонь па картэжы). Таго пераследаваў Ніязаў, і Камароўскі вырашыў дапамагчы. Па супадзенні ён прыляцеў у Ашхабад раніцай 23 лістапада і спыніўся ў сябра. Там ён даведаўся пра планы супраць Ніязава.

«Напярэдадні, 24 лістапада, мы з Гуванчам былі на дні нараджэння ў яго пляменніцы, потым паехалі ў дом да яго бацькі <…>. Там сабраліся будучыя ўдзельнікі акцыі, чалавек 15−20. Потым мы паехалі ў дом, дзе знаходзіўся Барыс Шыхмурадаў. Прабылі там каля гадзіны. Ішла размова пра блізкую акцыю. Што людзі зладзяць дэманстрацыю перад будынкам меджліса (парламента. — Заўв. рэд.), паспрабуюць зайсці ўсярэдзіну, перагаварыць з дэпутатамі. Што туды ж прывязуць <…> Ніязава. Сядуць усе разам і абмяркуюць, што трэба зрабіць, каб краіна пайшла дэмакратычным шляхам», — казаў ён у інтэрв'ю ў 2003-м.

Пазней, у 2017-м Камароўскі расказваў гэты эпізод з трохі іншымі дэталямі: «Меркавалася, што апазіцыянеры ўвойдуць разам з дэпутатамі ў парламент, і хтосьці, магчыма, што і сам Барыс, звернецца з трыбуны з заклікам выконваць Канстытуцыю».

Акцыя, якая не адбылася

Паводле Камароўскага, ён і сам узяў удзел у акцыі. Дэталі пра яе ў розных СМІ розныя. Адразу пасля вызвалення ён расказваў пра гэта так: «Раніцай мяне пабудзіў Гуванч, і мы паехалі да меджліса. Там сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Прастаялі, не выходзячы з машын, трыццаць хвілін, з 6.50 да 7.20. Потым раз’ехаліся. Акцыі як такой не адбылося. Усе чакалі яшчэ адну групу, якая мусіла затрымаць картэж прэзідэнта і прывезці Ніязава ў меджліс. Яны мусілі пад’ехаць на двух мікрааўтобусах — белых „Газелях“. Патэлефанавалі, сказалі, што едуць, але так і не прыехалі».

У 2017-м казаў ужо крыху іншае: «Мы з Гуванчам усталі, а шостай раніцы і паехалі да парламента. Там ужо сабраўся даволі вялікі натоўп, але не тысячы, пра якія потым гаварылася, а чалавек сто — сто дваццаць. Мы пачалі чакаць дэпутатаў. Я прыйшоў туды як журналіст, мне было цікава паглядзець, што такое мірная дэманстрацыя ў Туркменістане. Але дэпутатаў не было. Хутчэй за ўсё, туркменскія спецслужбы іх папярэдзілі. Гадзіне, а дзявятай, калі стала зразумела, што дэпутаты на службу не прыйшлі, мы разышліся».

Чым тлумачыцца розніца ў версіях? Магчыма, адразу пасля вызвалення апавядальнік баяўся падставіць людзей, якія заставаліся ў зняволенні. У 2017-м многіх з іх ужо не было ў жывых.

Такога ж меркавання прытрымліваўся і журналіст Аркадзь Дубноў, які сябраваў з Шыхмурадавым: «Асноўная мэта ўсяго гэтага мерапрыемства была — прымусіць Ніязава адрачыся ад улады, перадаць часовыя паўнамоцтвы ўлады нейкай структуры, якую мог узначаліць старшыня парламента, і праз некаторы час абвясціць прэзідэнцкія выбары». Ён таксама лічыў, што замах быў інсцэніяваны, а сам Ніязаў тым часам знаходзіўся ў сваім кабінеце ў прэзідэнцкім палацы.

«Вы спытаеце, адкуль Ніязаву стала вядома? — казаў Дубноў. — Адказ досыць трывіяльны — многія туркмены былі настолькі шчаслівыя ад магчымай датычнасці да адхілення ад улады гэтага ката, яны так ганарыліся гэтым, што не маглі схаваць гэты факт ад сваіх блізкіх. Уцечка вельмі хутка дайшла да супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Ніхто дакладна не ведае, як гэта адбылося і хто „зліў“ інфармацыю пра падрыхтоўку мерапрыемства, але пра яго стала вядома спецслужбам літаральна за некалькі дзён, яны перахапілі ініцыятыву. Ну, а далей усё зразумела…»

Ашхабад, столица Туркмернистана. 2018 год. Фото: John Pavelka, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org
Ашхабад, сталіца Туркменістана. 2018 год. Фота: John Pavelka, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

У тым, што замаху не было, не сумняваліся і праваабаронцы. Ужо 28 лістапада Хельсінкская група па абароне правоў і свабодаў у Туркменістане выпусціла афіцыйную заяву:

«Усё, што адбылося 25 лістапада ў Ашхабадзе, ёсць не чым іншым, як спектаклем (прычым самай нізкай пробы), разыграным спецслужбамі на замову прэзідэнта Ніязава С. Мэта гэтага прымітыўнага відовішча — захаванне ўлады за кошт вырашэння як мінімум чатырох задач:

1. Адцягненне ўвагі народа ад сур’ёзных праблем [у эканоміцы], якія стаяць перад ім <…>;

2. Узмацненне тэрору супраць іншадумства, далейшае падаўленне правоў і свабодаў чалавека ў Туркменістане;

3. Кампраметацыя апазіцыі ў вачах сусветнай грамадскасці з адначасовай спробай звязаць яе дзейнасць з міжнародным тэрарызмам, а таксама ліквідацыя яе актыву шляхам масавага пераследу сваякоў;

4. Стварэнне новага вобраза Ніязава С. — Ніязава-пакутніка».

Зрэшты, што дакладна адбылося 25 лістапада, мы, хутчэй за ўсё, даведаемся толькі пасля кардынальнай змены ўлады ў гэтай краіне.

Турма ў цэнтры пустыні

2006 год прынёс вялікія змены ў жыццё Туркменістана. Спярша ў красавіку таго года арыштавалі генпракурора Курбанбібі Атаджанаву, якая абвінавачвала ўдзельнікаў справы пра «замах». «Яна перасягнула саму сябе ў ганарыстасці і карыслівасці, займеўшы дом-палац, неймавернай колькасцю кватэраў. Падчас следства ў яе канфіскаваны цэлы аўтапарк, велізарная колькасць дываноў і ювелірных вырабаў, закапаныя ў зямлю мільёны даляраў», — канстатаваў Ніязаў.

На нарадзе, якая транслявалася па тэлебачанні, паведамілі, што ў Атаджанавай арыштавалі 13 жылых дамоў, цагляны завод, млын для ачысткі рысу, пяць аўтамабіляў, тры трактары, бульдозер, два будаўнічыя вежавыя краны, 40 гектараў зямлі, больш за шэсць мільёнаў даляраў і гэтак далей. Экс-генпракурора адправілі ў турму на поўначы Туркменістана, якую яна называла «курортам» падчас пракурорскай інспекцыі ў пачатку 2006 года — за тры месяцы да арышту. Там яна паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Што цяпер з гэтай жанчынай, невядома.

Фото: Reuters
Гурбангулы Бердымухамедаў. Фота: Reuters

А ў снежні таго ж 2006 года памёр сам Ніязаў. Яго пераемнікам стаў Гурбангулы Бердымухамедаў, які да таго быў віцэ-прэм'ерам (урад узначальваў сам Туркменбашы).

Новы кіраўнік краіны неўзабаве пачаў касметычныя рэформы і ў 2007-м падпісаў указ пра амністыю — паводле розных звестак, пад яе трапілі ад 11 да 15 чалавек. Іх імёны не былі названыя. Адным з выключэнняў стаў былы муфтый краіны Насрулах ібн Ібадулах. Пасля пачатку рэпрэсій ён спрабаваў уцячы з Туркменістана, але быў схоплены сілавікамі. У 2004-м атрымаў 22 гады турмы па абвінавачанні ў датычнасці да замаху на Ніязава. У рэальнасці меркавалі, што экс-муфтый пацярпеў за тое, што неаднаразова пярэчыў супраць шырокага выкарыстання ў мячэцях кнігі Туркменбашы «Рухнама», а таксама не падтрымаў вынясення прысудаў па справе 25 лістапада.

Сярод іншых вызваленых называлі Эсэна Ыклымава (цёзку Сапармурата Ыклымава), Юсупа Хаітава (паводле версіі следства, пасля перавароту ён мусіў узначаліць камуністычную партыю, каб стварыць палітычную канкурэнцыю ў краіне), а таксама Вольгу Пракоф’еву, якая была проста знаёмая з кімсьці з арганізатараў «замаху». У 2009-м выйшлі на волю пляменнік Барыса Шыхмурадава і яго жонка.

Але пра галоўных затрыманых не было нічога вядома многія гады. Напрыклад, зняволеныя, якія выйшлі з турмаў, апошні раз чулі голас Батыра Бердыева ў траўні-чэрвені 2005 года.

Бердымухамедаў адзіны раз выказаўся пра лёс затрыманых у 2007 годзе. Тады ён выступаў у Калумбійскім універсітэце ў Нью-Ёрку і ў яго спыталі пра лёс Шыхмурадава і Бердыева. «Я пакуль малады прэзідэнт, займаюся паляпшэннем эканомікі, росквітам краіны, але я ўпэўнены, што яны жывыя», — адказаў палітык.

Аднак, магчыма, у той час Шыхмурадава ўжо не было ў жывых. У 2017-м праваабаронцы распаўсюдзілі інфармацыю, што ён і яшчэ некалькі іншых палітвязняў, магчыма, загінулі ў турме БЛ-Т/5 у перыяд паміж красавіком 2003 і лістападам 2005 года. У 2008-м будынак турмы знеслі на падставе таго, што ў краіне знізіўся ўзровень злачыннасці. Падвалы былі ўзарваныя. Аднак аўтары даследавання лічаць, што прычынай быў намер пазбавіцца слядоў забойства апазіцыянераў.

У наступным годзе адзін з супрацоўнікаў урада Туркменістана ананімна расказаў, што зняволеныя па справе лістападаўскіх падзей 2002 года знаходзяцца ў папраўчай калоніі AH-T/2 у Авадан-дэпе. Гэта турма строгага рэжыму за 70 км ад Ашхабада, пабудаваная ў пустыні Каракумы.

«Дарэчы, з больш чым чатырох дзясяткаў вязняў за ўсе гэтыя гады іх засталося менш за дзесяць чалавек. Я дагэтуль не чуў, каб адтуль нехта выходзіў жывым. Толькі „Самы вялікі“ (гаворка пра Бердымухамедава. — Заўв. рэд.) можа вырашыць іх лёсы», — казаў ён.

Праваабаронцы ўжо шмат гадоў публікуюць спіс зніклых у турмах Туркменістана пад назвай «Пакажыце іх жывымі». Дагэтуль 64 са 162 фігурантаў спісу кампаніі — гэта ўдзельнікі лістападаўскай «змовы» супраць Ніязава.

Улады Туркменістана на цяперашні час агучылі інфармацыю пра лёс дзесяці «змоўшчыкаў» — ды і тое па стане на 2016−2018 гады. Па дзевяці з іх адказалі міжнародным арганізацыям і толькі ў адным выпадку — сям'і. Дык вось паводле гэтых звестак, трое раней «зніклых» былі вызваленыя з-за кратаў, трое пасля вызвалення знаходзіліся ў высылцы, двое памерлі, двое заставаліся ў зняволенні. Што адбылося з усімі нібыта вызваленымі — невядома.

Дадамо, што 33 чалавекі, зніклыя ў турмах пасля 25 лістапада 2002 года, ужо адбылі свае тэрміны, але лёс практычна ўсіх з іх па-ранейшаму невядомы.

Язгельды Гундогдыев (второй слева). Фото: turkmen.news
Язгельды Гундагдыеў (другі злева). Фота: turkmen.news

Часцяком родныя атрымліваюць магчымасць даведацца пра лёс сваіх блізкіх толькі калі ім выдаюць цела для пахавання. Напрыклад, у 2020-м у калоніі памёр Язгельды Гундагдыеў — былы хякім (кіраўнік адміністрацыі) Ташаузскай вобласці, які атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі (5 гадоў турмы і 20 гадоў у калоніі строгага рэжыму).

Але і гэта ласка падараваная далёка не ўсім.

Чытайце таксама