Улады непрызнанага Нагорнага Карабаха звярнуліся да Баку з заклікам неадкладна спыніць агонь і сесці за стол перамоваў для ўрэгулявання сітуацыі. Пра гэта паведамляе армянскае навінавае агенцтва Arka.
Улады Нагорнага Карабаха паведамілі, што інтэнсіўнасць агню на лініі судакранання «значна знізілася».
У адміністрацыі прэзідэнта Азербайджана паведамілі, што гатовыя «да сустрэчы з прадстаўнікамі армянскага насельніцтва Карабаха».
«Аднак для спынення антытэрарыстычных мерапрыемстваў незаконныя армянскія ўзброеныя фарміраванні павінныя падняць белы сцяг, здаць усю зброю, а незаконны рэжым мусіць самараспусціцца», — гаворыцца ў заяве.
У адваротным выпадку Азербайджан паабяцаў працягнуць баявыя дзеянні.
Паводле апошніх звестак прадстаўніка непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, упаўнаважанага па правах чалавека Гегама Стэпаняна, 23 чалавекі атрымалі раненні ў выніку атакі, двое загінулі.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у жывым эфіры заявіў, што сітуацыя ўздоўж межаў Арменіі «адносна стабільная», няма відавочных і істотных зменаў у сітуацыі. На яго думку, асноўная і ключавая мэта гэтай аперацыі — уцягванне Арменіі ў ваенныя дзеянні.
Нагадаем, днём 19 верасня азербайджанскія войскі пачалі абстрэльваць сталіцу Нагорнага Карабаха Стэпанакерт і іншыя населеныя пункты рэгіёна. У рэгіёне адключаная мабільная сувязь, насельніцтва спускаецца ў падвалы і бамбасховішчы.
Міністэрства абароны Азербайджана заклікала цывільнае насельніцтва тэрыторыі «не аказваць падтрымку узброеным сілам Арменіі». У Мінабароны Арменіі заяўляюць, што ўзброеныя сілы краіны не прысутнічаюць у Нагорным Карабаху. МЗС Расіі запэўнівае, што расійскія міратворцы «працягнуць выконваць свае задачы».
Чытайце таксама