У панядзелак, 6 лістапада, у сваёй прамове прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што даручыць дзейнаму прэм’ер-міністру Матэвушу Маравецкаму фармаванне ўрада, паведамляе Onet.pl.
«Калі місія Матэвуша Маравецкага праваліцца, Сейм прадставіць іншага кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра, і я неадкладна даручу яму місію фармавання ўрада», — заявіў Дуда.
Паводле яго словаў, ён «вырашыў працягнуць добрую парламенцкую традыцыю, згодна з якой партыя-пераможца атрымлівае шанец сфармаваць урад».
Акрамя Маравецкага на пасаду прэм’ера Польшчы прэтэндуе лідар «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск, які ўзначальваў урад у 2007−2014 гадах.
Пасля прамовы Дуды Туск размясціў на платформе Х невялікі фрагмент свайго папярэдняга выступу, у якім заявіў, што цяперашні ўрад толькі адцягвае непазбежнае. «Іх больш няма», — напісаў ён.
Ich już nie ma. pic.twitter.com/PWfyzKkZyA
— Donald Tusk (@donaldtusk) November 6, 2023
Раней паведамлялася, што Дуда скліча першае паседжанне новага Сейма ў панядзелак, 13 лістапада. Потым прэзідэнт будзе мець 14 дзён, каб прызначыць новага прэм’ера і астатніх міністраў. Але пасля гэтага прэм’ер і ўрад цягам яшчэ 14 дзён мусяць атрымаць вотум даверу ад Сейма: калі за іх прагаласуе абсалютная большасць дэпутатаў, яны застаюцца. А калі вотум даверу атрыманы не будзе, то Сейм ужо самастойна абярэ поўны склад новага ўрада.
Нагадаем, што на выбарах партыя «Права і справядлівасць» (PiS) набрала найбольшую колькасць галасоў, агулам у трох апазіцыйных партый і кааліцый будзе больш месцаў у парламенце.