Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана заявіў, што нанёс удары балістычнымі ракетамі па некалькіх цэлях у Іраку і Сірыі. У тым ліку, паводле сцверджанняў іранскіх сіл, нападу падвергнуўся «ізраільскі шпіёнскі цэнтр» ля горада Эрбіль — сталіцы курдскага аўтаномнага рэгіёна на поўначы Ірака, а таксама цэлі ў Сірыі, звязаныя з «Ісламскай дзяржавай» (прызнаная тэрарыстычнай і забароненая ў шэрагу краін). ЗША асудзілі ўдары, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Як паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах, выбухі былі чуваць прыкладна за 40 кіламетраў ад Эрбіля, сярод іншага ў гэтым раёне знаходзяцца консульства ЗША і жылыя раёны.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што амерыканскія аб’екты ад удару не пацярпелі, аднак асудзіў дзеянні Ірана як безадказныя.
— Мы адсочвалі ракеты, якія трапілі па поўначы Ірака і Сірыі. Амерыканскія аб’екты і супрацоўнікі не пацярпелі, — паведаміла афіцыйная прадстаўніца амерыканскай Рады нацыянальнай бяспекі Эдрыен Уотсан.
Улады курдскага рэгіёна Ірака паведамілі, што ў выніку іранскіх удараў былі забітыя прынамсі чатыры мірныя жыхары, а шасцёра атрымалі раненні.
Прэм’ер-міністр рэгіёна Масрур Барзані назваў ракетны ўдар па Эрбілі «злачынствам супраць курдскага народа».
Паводле звестак крыніц, на якія спасылаецца агенцтва Reuters, у ліку забітых быў вядомы курдскі бізнесовец Пешраў Дызаі і некалькі членаў яго сям'і. У яго дом трапіла прынамсі адна ракета.
Reuters нагадвае, што Дызаі быў блізкі клана Барзані, што кіруе рэгіёнам, і займаўся маштабнымі дэвелаперскімі праектамі ў курдскай частцы Ірака.
Паводле звестак Reuters, іншая ракета трапіла ў дом высокапастаўленага афіцэра курдскай разведкі, а яшчэ адна — у курдскі разведвальны цэнтр.
Палёты ў аэрапорце Эрбіля былі прыпыненыя, паведамляюць крыніцы агенцтва.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявіў пра знішчэнне «шпіёнскіх цэнтраў і зборышчаў антыіранскіх тэрарыстычных груп у рэгіёне».
Паводле заявы КВІР, ракетны ўдар быў нанесены па штабе ізраільскай спецслужбы «Масад» у курдскім рэгіёне Ірака. Незалежнага пацверджання гэтых заяваў няма.
AFP цытуе паведамленне афіцыйнага агенцтва КВІР, паводле звестак якога быў таксама нанесены ракетны ўдар па размешчанай у Сірыі інфраструктуры «Ісламскай дзяржавы».
КВІР дадае, што гэтая атака была адказам на «апошнія злачынствы тэрарыстычных груп, якія несправядліва зрабілі пакутнікамі групу нашых дарагіх суайчыннікаў у Кермане і Раску».
У пачатку студзеня на мерапрыемстве ў горадзе Керман, прысвечаным памяці забітага год таму дзеяча Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані, прагрымелі магутныя выбухі.
Загінула каля 90 чалавек, мноства людзей атрымала раненні. Адказнасць за атаку ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».