Улады Ірана могуць адмовіцца ад планаў масіраванай атакі на Ізраіль у адплату за забойства аднаго з лідараў ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Гэта можа быць вынікам высілкаў амерыканскай дыпламатыі, паведамляе Politico са спасылкай на крыніцы сярод афіцыйных асобаў ЗША.
Ёсць імавернасць, што Іран адмовіцца ад планаў масіраванай атакі на Ізраіль. Магчымая прычына гэтага — высілкі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна: у апошнія дні яго каманда працавала па дыпламатычных каналах, каб мабілізаваць сваіх саюзнікаў на Блізкім Усходзе і змусіць Тэгеран перагледзець свае намеры.
Так, амерыканцы папярэдзілі Іран, што масіраваны ўдар па Ізраілі толькі ўзмоцніць напружанасць і можа прывесці да непасрэднай канфрантацыі паміж дзвюма краінамі, заявілі два высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША.
Акрамя таго, ЗША, відаць, удалося пераканаць іранскі бок, што забойства Ханіі ў Тэгеране з дапамогай дыстанцыйна кіраванай бомбы стала вынікам таемнай аперацыі Ізраіля, а не маштабнай атакі, якая магла б прывесці да ахвяр сярод мірных жыхароў. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.
Раней Іран папярэдзіў Ізраіль пра намер яго атакаваць. Паводле звестак розных крыніц, напад мог пачацца ўжо 5−6 жніўня, але гэтага так і не адбылося.
ЗША папярэдзілі Іран, што могуць спыніць з ім усялякія кантакты ў выпадку, калі ўдар па Ізраілі будзе супастаўны маштабам з красавіцкай атакай. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас размовы з кіраўнікамі МЗС краін — чальцоў G7.
Тым часам The New York Times перадае са спасылкай на іранскія СМІ, што Тэгеран папрасіў у Расіі сучасныя сістэмы СПА ў рамках падрыхтоўкі да магчымай вайны з Ізраілем. Гэтую інфармацыю пацвердзілі два іранскія чыноўнікі, у тым ліку чалец Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія паведамілі, што Расія пачала пастаўляць у Іран перадавыя радары і абсталяванне СПА.
Нагадаем, палестынская групоўка ХАМАС 31 ліпеня абвясціла, што яе палітычны лідар Ісмаіл Ханія забіты ізраільскім ударам па яго рэзідэнцыі ў Тэгеране. Пра смерць Ханіі абвясціў і іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. У паведамленні на сайце Корпуса гаворыцца, што разам з лідарам ХАМАС загінуў адзін з яго целаахоўнікаў.
У той жа дзень вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі загадаў нанесці прамы ўдар па Ізраілі ў адказ на забойства Ханіі.
Ханія, які з 2019 года жыў у выгнанні ў Катары і Турцыі, прыбыў у Тэгеран на інаўгурацыю новага прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна, абранага пасля гібелі ў авіякатастрофе ў траўні 2024 года папярэдняга лідара краіны Ібрагіма Раісі.