Пасля таго як прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся фатаграфавацца з Аляксандрам Лукашэнкам на сусветным кліматычным саміце ў Баку, беларускія прапагандысты пачалі надаваць яму павышаную ўвагу. У прыватнасці, яны заўважылі, што на адным з пальцаў польскага прэзідэнта не хапае фалангі. Сакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Войцех Каларскі паведаміў, што гэта вынік няшчаснага выпадку, перадае Onet.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда страціў частку пальца на правай руцэ, расказаў Войцех Коларскі. Удакладняецца, што ён атрымаў траўму падчас хатняй працы — пасля яму спатрэбілася невялікая аперацыя.
«З прэзідэнтам здарылася тое, што, на жаль, можа здарыцца з любым чалавекам», — дадаў сакратар канцылярыі польскага прэзідэнта.
Польскія журналісты заўважылі траўму польскага прэзідэнта ў пачатку кастрычніка.
Напярэдадні, 13 лістапада, адсутную фалангу заўважылі беларускія прапагандысты. Яны паспяшаліся заявіць, што гэта «рэха ліхіх бандыцкіх 90-х».
«Тут падзнялі аднаго нелюбіцеля фоткацца з Бацькам на агульных пратакольных здымках і заўважылі адну далікатную дэталь, якой чамусьці раней не заўважалі. Аказваецца, у Дуды няма фалангі аднаго пальца, прычым таго самага, якім звычайна фак паказваюць. Пагаворваюць, што гэта рэха ліхіх бандыцкіх 90-х. Грошы братве вяртаць не хацеў. Вось і нагадалі пра сябе», — заявілі прапагандысты ў адным з паблікаў.
Нагадаем, на сусветным кліматычным саміце, які прайшоў у Баку, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ўдзельнічаць у сумеснай фотаздымцы з Аляксандрам Лукашэнкам.