Чаму палітычных зняволеных мучаць у турмах і лагерах, чаму пазбаўляюць перапіскі, чаму трапіў у шпіталь удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, вязень наваполацкай калоніі Віктар Бабарыка? Аб гэтым у сваёй калонцы разважае Юрый Дракахруст.
22 красавіка на суботніку Аляксандр Лукашэнка падарыў прапагандысту Рыгору Азаронку кувалду. Кувалдай, нагадаем, у расійскай ПВК «Вагнер» караюць смерцю тых, каго лічаць здраднікамі.
Падарунак, публічна ўручаны Азаронку, — сімвал палітыкі, якую ўлада праводзіць і збіраецца працягваць.
Можна пералічваць шмат прычын, але як мінімум дзве відавочныя.
Першая — Мачулішчы, атака на расійскі самалёт А-50. Ці прыклала руку да гэтага СБУ ці не — пытанне складанае (хутчэй так, чым не), але ў любым выпадку ўдзельнічалі ў дыверсіі і беларусы, жыхары Беларусі. І выявілася, што не ўсе змірыліся, не ўсе схаваліся ў норках, што ёсць нейкія падпольныя структуры, здольныя да рашучых дзеянняў.
Другая — гэта правал кампаніі вяртання палітычных бежанцаў. Ладзілася яна з вялікім шумам і помпай, падавалася як бязмежная літасць улады да тых, хто «спатыкнуўся». Што ўжо Лукашэнку расказвалі пра жыццё эмігрантаў, сказаць цяжка, напэўна, што галадаюць, пад мостам начуюць, туалеты мыюць. І вось папярэднія вынікі.
Па самых сціплых падліках, краіну ў 2020–2023 гадах пакінулі ад ста тысяч чалавек. Не ўсе з іх з’ехалі па зразумелых палітычных матывах, але многія — менавіта па іх. Па паведамленнях камісіі Шведа — Азаронка, з прашэннямі аб прабачэнні і вяртанні звярнуліся прыкладна паўсотні эмігрантаў. Гэта кропля ў моры.
Шмат пісалася і гаварылася, што пры тых умовах вяртання, якія прапанавала ўлада, вынік і не мог быць іншым. Але субʼектыўна для ўлады такія вынікі — пацвярджэнне, што не змірыліся, не раскаяліся, што «закаранелі ў злачынствах» пад сваімі мастамі ў заходніх гарадах.
Закаранелі тыя, што зʼехалі і не жадаюць вяртацца. Так, пэўна, і тыя, што не зʼехалі, — таксама.
Адсюль выснова — яшчэ больш старанна «зачышчаць», шукаць і знаходзіць кожнага, хто схаваўся.
Гэта, уласна кажучы, і раней рабілася. І тэрміны давалі — ужо як пры Сталіне.
Здавалася б, якія яшчэ рэзервы запалохвання, узмацнення жорсткасці не скарыстаныя? А паказаць незадаволеным, нязгодным, якімі доўгімі будуць гады, якія яны правядуць за кратамі. Ну вось і паказваюць.
Сістэмнасць, узгодненасць пагаршэння рэжыму ўтрымання палітвязняў сведчыць аб тым, што гэта, хутчэй за ўсё, проста выкананне прамога загаду.
Але да таго ж работнікі беларускай пенітэнцыярнай сістэмы — людзі кемлівыя. Яны здольныя ўспрымаць і ўскосныя сігналы, яны чуюць, якія агульныя ўстаноўкі да іх даводзяць і на службовых нарадах, і ў публічных прамовах. І што азначае тая ж кувалда, падораная Азаронку, яны добра разумеюць.
Разумеюць, што зараз у іх працы перагнуць немагчыма наогул. А вось за недагнуць па галоўцы не пагладзяць. Могуць і кувалдай.
Дык лепей ужо яны кувалдай, чым іх — разважаюць яны.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.