Звароты да школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў апублікавалі 1 верасня прэс-службы лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская: «Я радая таму, што ў краіне з’яўляецца новае пакаленне беларусаў»
«Паважаныя настаўнікі! Цяпер у Беларусі быць сумленным настаўнікам — сапраўдны подзвіг. І кожны дзень вы здзяйсняеце яго, нягледзячы на ціск сістэмы. Вы вучыце дзяцей думаць і выказваць свой пункт гледжання. Стараецеся разгледзець здольнасці і таленты ў кожным дзіцяці. Я дзякую вам за стойкасць і прашу — не здавайцеся.
Мамы і таты, вы — мае героі! Я ўяўляю, з якімі складанасцямі ў адукацыі дзяцей вам даводзіцца сутыкацца. Не хавайце праўды. Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што тое, што адбываецца вакол, — гэта ненармальна.
Дарагія вучні! Я радая таму, што ў краіне з’яўляецца новае пакаленне беларусаў, якія не вераць прапагандыстам і не цярпяць дыскрымінацыі па грамадзянскай пазіцыі, знешнасці, гендары або рэлігіі. Памятайце: гэта вам вырашаць, якой мусіць быць краіна і якім мусіць быць свет вакол вас».
Аляксандр Лукашэнка: «Галоўнае, каб моладзь выхоўвалася сапраўднымі патрыётамі»
«Дарагія сябры! Прыміце самыя цёплыя віншаванні з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года.
Першага верасня — нашае агульнае свята: усіх, хто прыступае да навучання, хто вучыць і хто ўсё жыццё захоўвае самыя добрыя ўспаміны пра сваіх настаўнікаў.
Сёння школы, каледжы і ВНУ Беларусі адкрылі дзверы для амаль 1,5 мільёна навучэнцаў і студэнтаў. Гэта важна, бо ў наш век каштоўнасць ведаў пастаянна расце і менавіта ўзровень нацыянальнай адукацыі вызначае бяспеку і дабрабыт дзяржавы. Галоўнае, каб моладзь выхоўвалася сапраўднымі патрыётамі і абаронцамі роднай зямлі, захоўвала традыцыі і гістарычную памяць.
Няхай кожны новы дзень будзе напоўнены стараннай стваральнай працай і радасцю дзіўных адкрыццяў.
Асобныя віншаванні адрасую нашым першакласнікам і іх бацькам. Вы, самыя юныя школьнікі, цяпер пачынаеце свой шлях у краіну ведаў. Верце ў сябе, і ў вас усё атрымаецца.
Жадаю ўсім мірнага неба, здароўя, цярпення, поспеху і толькі выдатных ацэнак».