Польшча на нацыянальным узроўні ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «Мазырсоль», заўважыла выданне «Беларусы і рынак». Раней гэтага дабіваліся мясцовыя вытворцы. Нагадаем, кухонная і каменная соль не падпадаюць пад санкцыі ЕС.
Рашэнне замарозіць актывы і выключыць аднаго з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў харчовай солі з дзяржаўных закупак прыняў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.
Як гаворыцца ў абгрунтаванні па абмежаваннях, «Мазырсоль» уваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белдзяржхарчпрам», а гэта арганізацыя, падведамная Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. «Увядзенне санкцыі ў дачыненні ААТ „Мазырсоль“ знізіць экспартныя магчымасці кампаніі, а значыць, паўплывае на аб’ём сродкаў, якія пералічваюцца ў беларускі бюджэт», — гаворыцца ў дакуменце.
Гэтаму абмежаванню папярэднічала патрабаванне польскіх вытворцаў кухоннай солі накласці забарону на імпарт гэтага тавару з Беларусі. Яны заяўлялі, што гэты прадукт складае канкурэнцыю іх уласнай прадукцыі і мусіць быць абкладзены санкцыямі нароўні з каліем.
Раней паведамлялася, што Беларусь у 2022 годзе прадала ў ЕС кухоннай солі амаль на 10 млн еўра, а за года да таго — на 22 млн еўра.
Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка, а ўслед за ім і беларускія дзяржСМІ неаднаразова сцвярджалі, што палякі (разам з латышамі і літоўцамі) актыўна скупляюць беларускія тавары, асабліва соль.
«Жили в „заможном“ мире, у них всё было. И где они сегодня? Они стоят вдоль границы и просят нас, чтобы мы их пропустили в Беларусь. Хотя бы гречневой крупы купить. Ладно крупы — соли нет, соли просят у нас», — запэўніваў Лукашэнка летась, праўда, не прадставіўшы доказаў сваім словам.