Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Россия требует полной капитуляции Украины и отклоняет мирные инициативы — ISW
  2. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  3. «Мы сделали больше, чем любая другая страна». Трамп назначил День Победы во Второй мировой войне в США
  4. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  5. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
  6. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
  7. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  8. В Офисе президента Украины пояснили, что имел ввиду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  9. Тихановская и Лукашенко сделали заявления ко Дню труда. Они звучат словно из разных вселенных
  10. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  11. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  12. BYSOL: У силовиков новая тактика для людей с «протестным бэкграундом», которые возвращаются в Беларусь
  13. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  14. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
  15. Наталья Эйсмонт прокомментировала освобождение Юрия Зенковича — фигуранта дела «о попытке госпереворота»
Читать по-русски


У гэтым навучальным годзе 11-класнікаў чакае новае выпрабаванне — цэнтралізаваны экзамен. Плануецца, што выпускнікі будуць пісаць яго вясной. А пакуль жа даведацца, чаго чакаць ад ЦЭ, можна на рэпетыцыйным экзамене. Здаць яго прапануюць па 15 прадметах. Складанасць заданняў — базавы ўзровень. Адным з самых папулярных прадметаў у абітурыентаў традыцыйна з’яўляецца руская мова. Блог «Людзі» пагаварыў з рэпетытаркай-філолагам, якая напісала спробны ЦЭ, прааналізавала яго і ўстрывожылася: «Тэсты не мусяць быць такімі лёгкімі». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Нашая суразмоўніца — рэпетытарка, за плячыма якой 25 гадоў педагагічнага стажу. 17 з іх яна працуе з ЦТ. На яе думку, заданні, якія Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) звычайна прапаноўваў выпускнікам па рускай мове, па ўзроўні складанасці былі ідэальнымі. А вось да таго, што падрыхтаваў РІКВ да першага этапу рэпетыцыйнага ЦЭ, у яе ёсць пытанні.

— Я не раз здавала ЦТ, але на РТ (рэпетыцыйнае тэставанне. — Заўв. рэд.) да гэтага не хадзіла і дзецям запісвацца на першы этап не рэкамендавала. Ён праходзіць у кастрычніку-снежні. Выпускнікі, якія звычайна пачынаюць рыхтавацца да тэставання з верасня, да гэтага часу патрэбных ведаў яшчэ не маюць, — дзеліцца назіраннямі педагог. — Але сёлета, паколькі ЦТ замяняюць ЦЭ і ўводзяць новую структуру тэсту, мае вучні на першае спробнае выпрабаванне ўсё ж пайшлі. Я таксама. Хацелася хутчэй убачыць новы тэст. Паглядзець, што ён сабой уяўляе.

Рэпетыцыйны ЦЭ педагог пісала ў адной з навучальных установаў Мінска. У аўдыторыі, разлічанай на 30 чалавек, усе месцы былі занятыя. Пры гэтым, удакладняе суразмоўніца, асаблівых праблем з тым, каб зарэгістравацца, у яе не ўзнікла. З заданнямі, на якія адводзіцца 120 хвілін, яна справілася за паўгадзіны. З будынка выйшла ў шоку.

— Усё было вельмі лёгка. Заданні можна зрабіць нават не думаючы. Шчыра, потым сядзела ў парку на лаўцы, і хацелася плакаць, — не хавае эмоцый рэпетытарка. — Той узровень мовы, які быў у тэстах усе папярэднія гады, абрынуўся.

Яе сумную выснову пацвердзілі і вынікі вучняў. З 2019 года, калі РІКВ змяніў методыку падліку вынікаў на ЦТ, у краіне сярэдні бал на ЦТ па рускай трымаўся на ўзроўні 50. Да гэтага — каля 40. А цяпер многія дзеці, з якімі яна працуе, напісалі першы этап на 70−80 балаў.

— Мы з імі займаемся ўсяго два з паловай месяцы, і я ведаю: іх узровень пакуль недацягвае да такіх адзнак, — як ёсць кажа педагог. — Дзеці выйшлі пасля тэсту расслабленыя.

Што ж было ў тэстах?

Паводле словаў педагога, рэпетыцыйны ЦЭ, як і леташнія ЦТ, цалкам адпавядаў школьнай праграме. Але ў любой тэме, працягвае яна, ёсць словы і прапановы больш і менш складаныя для напісання. Цяпер усё было абрана з менш складанага. Напрыклад, у заданні на правапіс «нн».

— Гэта адна з самых складаных тэмаў у арфаграфіі, — нагадвае рэпетытарка. — Усе гады ў тэстах яна выглядала прыкладна аднолькава і была ідэальна прапісаная. Вучням прапаноўвалі назоўнікі, дзеепрыметнікі, прыслоўі і іншыя часціны мовы. З іх, напрыклад, трэба было выбраць словы, дзе мусяць быць дзве «н». Гэтым жа разам мне прапанавалі вызначыць колькасць «н» у адным слове. Выходзіць, тэма раскрытая не цалкам.

Педагог кажа, што змянілася і структура тэстаў. Раней у рускай было 30 заданняў у частцы А, у іх трэба было выбраць правільны варыянт з прапанаваных, і 10 — у частцы B, тут адказ школьнік пісаў сам. Цяперашнія суадносіны — 18 і 22 адпаведна. Паводле яе словаў, калі ў матэматыцы і фізіцы гэта мае сэнс (дадзенае тэставанне, кажуць, цяпер больш нагадвае кантрольную), то ў рускай — не. Чаму?

— У частцы А ў рускай мове правільнымі маглі аказацца нават чатыры пункты з пяці прапанаваных. То-бок імавернасць адгадвання была мінімальная, — тлумачыць нашая суразмоўніца. — Цяпер яны перанеслі некаторыя заданні з часткі А частка ў частку В, дзе правільны адказ толькі адзін. І што атрымліваецца? Дапусцім, заданне на правапіс мяккага знака. Раней, калі яно стаяла ў частцы А, чалавеку з пяці ці дзесяці словаў трэба было выбраць прыдатныя, а цяпер з пяці словаў трэба вызначыць адно, у якім прапушчаны мяккі знак. Па законе ўсіх латарэй што прасцейшае: назваць адзін варыянт з пяці або ад аднаго да чатырох — з пяці-дзесяці?

Былі, кажа педагог, у яе варыянце і заданні, дзе «проста немагчыма адказаць няправільна». Даваўся лёгкі прыметнік з пытаннем, ад якога слова ён утвораны. У якасці прыкладу да пытання яна прыводзіць слова «вражеский».

— Любы вучань скажа, што ён утвораны ад слова «враг». Аналагічная простая сітуацыя сустрэлася і ў маім варыянце, — адзначае суразмоўніца. — Вядома, былі і заданні, над якімі варта было падумаць. І гэта выдатна. Частка А засталася вельмі падобнай да той, што прапаноўвалі раней. У асноўным высокія балы дзеці набралі дзякуючы заданням, што перамясцілі з часткі А ў частку В і спрасцілі.

На пытанне, ці былі ў тэстах нейкія новыя віды заданняў, напрыклад эсэ, якое ёсць у расійскім ЕГЭ, педагог адказвае: «Не».

— Чула, у кулуарах пагаворваюць пра з’яўленне часткі С, але толькі ў наступным годзе, — кажа яна.

«Калі ўсе баяцца напружыцца і вывучыць нешта складанае, то навошта наогул экзамены»

Раней у Міністэрстве адукацыі гаварылі, што складанасць тэстаў зменяць. Гэта будзе базавы ўзровень. Магчыма, гэтае новаўвядзенне і тлумачыць тое, што тэст педагогу падаўся лёгкім. Але што кепскага ў прасцейшых заданнях?

Иллюстративный снимок. Фото: Pexels.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels.com

— Я з тых педагогаў, якія падтрымліваюць тое, што ЦТ і школьны экзамен сумясцілі. Як на мяне, рабіць гэта варта было, не змяняючы ўзроўню складанасці тэстаў, — разважае педагог. — Але ў нас пайшлі іншым шляхам. Чаму? Таму што ў Міністэрстве перажываюць, што, здаўшы ЦЭ, дзеці не пацвердзяць школьныя адзнакі. У выніку замест таго, каб прызнаць, што нашая адукацыя знаходзіцца на ўзроўні плінтуса, і вырашаць гэтае пытанне, яны спрабуюць стварыць экзамен, які пацвердзіў бы нацягнутыя адзнакі. Але ў школе нам заўсёды адзнакі трохі дарылі. Нават мне дарылі. Я ішла на медаль, але па хіміі і матэматыцы ў мяне была далёка не пяцёрка (тады вучыліся па пяцібальнай сістэме. — Заўв. рэд.). Аднак, скажам так, на агульным фоне я вылучалася, таму мне далі медаль.

Са словаў суразмоўніцы, яе першым вучням цяпер па 35 гадоў. Узровень ведаў па рускай, які быў у іх і ёсць у цяперашніх адзінаццацікласнікаў, адрозніваецца.

— Цяпер дзеці з васьмёркамі і дзявяткамі па рускай могуць непісьменна пісаць, не ўмець працаваць з правіламі. А ўсё чаму? Па-першае, са школ сышло шмат моцных настаўнікаў, — разважае рэпетытарка. — Па-другое, дзеці не хочуць працаваць, але пры гэтым іх бацькі ціснуць на педагогаў і патрабуюць, каб у дачок і сыноў былі высокія адзнакі. Настаўнікі саступаюць, таму што ім трэба берагчы нервы. Атрымліваецца замкнёнае кола. І ў выніку высокія адзнакі ёсць, а ведаў за імі няма. Гэта як дзьмутае золата. Здаецца, і золата, а ўнутры пустата.

Пры гэтым педагог упэўненая: у цяперашніх дзяцей «мозг ёсць», але ў школе яго часта не напружваюць. Дзеці, кажа яна, нярэдка педагагічна закінутыя.

— А калі ты дзіцяці тлумачыш, што ў мове ёсць такія з’явы і яны так працуюць, мозг у яго пачынае варушыцца, — дзеліцца назіраннямі яна. — І хоць у крытыкаў заўсёды знаходзіліся пытанні да ЦТ, заданні, якія РІКВ раней прапаноўваў па рускай, былі годнымі. Калі я ўбачыла новы тэст, то знервавалася. Але, трохі адышоўшы, падумала: калі ў Інстытуце прааналізуюць вынікі першага этапу і ўбачаць высокі сярэдні бал (а я ўпэўненая, ён будзе менавіта такім), варыянты ўсё ж ускладняць. На гэта я настройваю і дзяцей, з якімі працую.

Паводле назіранняў педагога, у яе вучняў, якія здалі спробныя тэсты, «здарыўся дысананс». Аказалася, матэрыял, які прапануе ім настаўнік, шырэйшы і складанейшы, чым тое, што яны ўбачылі ў заданнях.

— Давялося ім тлумачыць, што ў гэтай лёгкасці няма нічога добрага. А значыць, так не мусіць быць, — кажа суразмоўніца. — Просты прыклад. У мяне ёсць вучань, які летась на ЦТ набраў 80 балаў. Цяпер ён збіраецца перапаступаць, таму пайшоў на рэпетыцыйны ЦЭ і атрымаў сто балаў. Гэта разумнае, стараннае дзіця, але пакуль яго ўзровень — 80−85 балаў. Аднак з цяперашняй складанасцю тэстаў ён трапляе ў адну групу з тымі, у каго максімум. Выходзіць, ранжыраванне па ўзроўні ведаў сціраецца. Калі заданні не ўскладняць, многія абітурыенты прынясуць у ВНУ 100-бальныя сертыфікаты. Што ў такім выпадку будуць рабіць універсітэты? Як змогуць адабраць мацнейшых вучняў?

Тэсты, кажа педагог, не мусяць быць занадта простымі, інакш яны страчваюць усялякі сэнс.

— Усё ж такі хацелася б, каб у ВНУ ішлі моцныя дзеці, — рэзюмуе яна. — А калі ўсе баяцца напружыцца і вывучыць нешта складанае, то навошта наогул экзамены?

Калі вы настаўнік матэматыкі, замежнай мовы ці гісторыі Беларусі, хадзілі на рэпетыцыйны ЦЭ і гатовыя пра гэта расказаць, напішыце нам на пошту [email protected] або ў тэлеграм.