Днямі ў ваенкамаце Клецка заявілі, што ў першую чаргу на вайсковыя зборы будуць прызываць ваеннаабавязаных, якія стаяць на вайсковым уліку, але не служылі. Паводле мясцовага ваеннага камісара Юрыя Пігулеўскага, кожны «абавязаны хоць аднойчы ў жыцці адчуць сябе салдатам». Журналісты «Люстэрка» даведаліся, ці ўпершыню ўзнікла такая сітуацыя і як ідуць справы ў іншых ваенкаматах.
Мінчуку Максіму 36 гадоў. Па адукацыі ён эканаміст. Праблем са здароўем у мужчыны няма, але ў войску ён не служыў. Спачатку вучыўся, потым у іх з жонкай нарадзілася дзіця. У 27 гадоў Максіму выдалі ваенны білет. І да жніўня 2022-га ў ваенкамаце пра яго не ўспаміналі.
— У жніўні мужу патэлефанавалі з працы. Гэта была супрацоўніца аддзела кадраў. Яна сказала, што з ваенкамата прыйшла на яго позва, дзе сказана, што тады і тады, у такі і такі час трэба быць у камісарыяце, — расказвае жонка Максіма Наталля. — Мы разумелі, што няяўка — гэта падсудная справа, таму муж вырашыў пайсці.
Паводле словаў Наталлі, у ваенкамаце Максіму паведамілі: зборы пачынаюцца заўтра — і папрасілі з’явіцца ў камісарыят зноў. З сабой узяць спартыўны касцюм, абутак чорнага колеру тыпу берцаў, ніжнюю бялізну. На пытанне, навошта, патлумачылі, што ў яго ў правах адкрытыя ўсе катэгорыі, а ім акурат патрэбны кіроўца аўтобуса.
— Муж шчыра прызнаўся, што вучыўся кіраваць аўтобусам у якасці хобі і пасля гэтага ім не кіраваў. На што яму адказалі: «Нічога страшнага, як паедзеш, так паедзеш», — працягвае Наталля. — Назаўтра разам з Максімам у ваенкамат прыйшло яшчэ дзевяць чалавек. У выніку з іх назвалі аднаго, ён паехаў на зборы, а астатніх адпусцілі дадому.
Сапраўды, калі праз адтэрміноўкі мужчына ў войску не служыў, але здаровы і знаходзіцца на вайсковым уліку, яго могуць прызваць на зборы. Пра гэта журналістцы «Люстэрка» паведамілі ў некалькіх ваенкаматах, куды яна патэлефанавала як прыватная асоба. Вызваленне ад збораў атрымліваюць толькі тыя, хто падпадае пад крытэры, указаныя ў арт. 71 Закона «Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу». Напрыклад, грамадзяне, занятыя ў пасяўных і ўборачных у перыяд гэтых работ.
— У нас па пяць-шэсць, а то і дзесяць збораў на год. Такое было пастаянна. Іх (ваеннаабавязаных, якія не служылі. — Заўв. рэд.) забіраюць у пэўныя вайсковыя часткі, дзе яны праходзяць навучанне ў залежнасці ад таго, па якой спецыяльнасці чалавек майстар. Дапусцім, калі ён рамантаваў машыны, будзе рамантаваць машыны, — патлумачылі ў ваенкамаце Мінскай вобласці і дадалі, што тым, хто не служыў, ваенна-ўліковую спецыяльнасць прысвойваюць у залежнасці ад таго, на каго чалавек вучыўся.
На пытанне, калі ваеннаабавязанаму чакаць позвы, там адказалі: «Усё залежыць ад таго, якая спецыяльнасць спатрэбіцца вайсковай частцы».
Пра гэта сказалі і ў ваенкамаце Гомеля. А вось у ваенкамаце Гродна і Гродзенскага раёна паведамілі, што прызываюць у асноўным ваеннаабавязаных да 35 гадоў. Найперш тых, хто не служыў. Для чаго?
— Навошта мне браць ваеннаабавязанага, які служыў ва Узброеных сілах і іншых вайсковых фарміраваннях? Калі я вазьму тых, хто не служыў, але мусіць атрымаць ваенна-ўліковую спецыяльнасць. У нас гэтага патрабуюць. Найперш тых, хто не служыў. Так было заўсёды, ніхто нічога не прыдумаў. Гэта ўсё ў рамках закона, — патлумачылі ў ваенкамаце.
Там таксама расказалі, што тых, хто не служыў у войску, але стаіць на вайсковым уліку і прыдатны да службы, на зборы могуць прызваць да 50 гадоў. Да 35 гадоў такога чалавека могуць прызваць чатыры разы, у перыяд ад 35 да 45 — тры разы, і ад 45 да 50 — два разы. Зборы могуць доўжыцца 25 дзён, але бывае і 60 сутак.
У ваенкамаце Брэста і Брэсцкага раёна таксама адзначылі: чалавека, які не служыў, але стаіць на вайсковым уліку і прыдатны да службы, могуць прызваць.
— У нас нядаўна з’ехала дзевяць чалавек, якія наогул у войску не служылі, ім па 32 гады, — сказалі ў камісарыяце і патлумачылі, што тыя, хто не служыў, будуць рабіць на зборах. — Там ім будуць выкладаць ваенную справу. Страляць могуць нават.
На пытанне, ці можна нечаму навучыць чалавека за месяц, бо ў войску служаць год-паўтара, адказалі:
— Можна, было б жаданне.