Сілавікі пачалі выкарыстоўваць новую тактыку ў дачыненні да тых, хто быў актыўны падчас або пасля выбараў-2020. Яна датычыць людзей, якія жывуць за мяжой і перыядычна прыязджаюць дадому ў Беларусь. У нейкі момант аказваецца, што ім забаронена пакідаць радзіму. Пра тое, як гэта адбываецца, кіраўнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў «Люстэрку».
Паводле Андрэя Стрыжака, выпадкі, калі людзям, што вярталіся ў Беларусь, ставілі забарону на выезд, у BYSOL пачалі фіксаваць пасля Новага года.
— Прагназую, што пасля мінулых велікодных святаў можа быць прыток новых гісторый такога кшталту. Усё ж такі многія ездзяць пабачыць родных, — адзначае суразмоўца.
Стрыжак кажа, што спачатку нічога не выклікае падазрэнняў: мужчына ці жанчына спакойна вяртаюцца на радзіму, на мяжы пытанняў да іх не ўзнікае. Яны займаюцца сваімі справамі, а калі вырашаюць выехаць за мяжу, пачынаюцца праблемы.
— На памежным кантролі чалавек даведваецца, што ён у базе невыязных. Яму ставяць штамп пра адмову ў перасячэнні мяжы. З якой прычыны, не тлумачаць, раяць звярнуцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства, — апісвае механізм Андрэй Стрыжак. — Чалавек ідзе туды і там атрымлівае даведку, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа. Ён падазраваны. І тут, як той казаў, самыя розныя расклады могуць быць.
Самы распаўсюджаны з іх — людзі з такім дакументам чакаюць, пакуль з імі звяжуцца следчыя.
Хто ў зоне рызыкі

У зоне рызыкі ў такой сітуацыі, як адзначыў Стрыжак, «шырокае кола людзей». У тым ліку і тыя, хто ўжо не раз ездзіў у Беларусь і без праблем праходзіў мяжу. Кожная новая паездка на радзіму, лічыць Стрыжак, — гэта латарэя. Аднак асабліва вялікая рызыка ў тых, хто ў 2020−2021 гадах заплаціў штраф або адседзеў «суткі» за палітыку.
— У такіх людзей ёсць уражанне «мы ж ужо адседзелі і нічога дзяржаве не вінныя». А па факце на падставе гісторый, якія раней трактавалі як адміністрацыйнае правапарушэнне, цяпер пішуць крымінальныя справы, — тлумачыць кіраўнік BYSOL. — Адпаведна, чалавека могуць другі раз узяць за адно і тое ж. І гэта не будзе парушэннем, бо ідзе перакваліфікацыя дзеянняў.
Суразмоўца нагадвае, што падыходзіць 5-гадовы дэдлайн па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), які ў 2020-м актыўна выкарыстоўвалі ў палітычных справах. Ці перастануць заводзіць па ім «крыміналкі», пакуль не вядома.
— Магчыма, пракуратура вырашыць, што нейкім чынам трэба ўсіх пакараць, і падоўжыць санкцыі. Пакуль яснасці няма, таму сілавікі спрабуюць ускочыць у апошні вагон. Мы і «Вясна» адзначаем, што цяпер ідзе вялікі вал затрыманняў па трэку «Гаюна» і тых, хто выходзіў у 2020-м, — кажа кіраўнік фонду салідарнасці. — [У сувязі з гэтым] тым, у каго ёсць пратэсны бэкграўнд, раю не рызыкаваць і не наведваць Беларусь. Разумею, сітуацыі бываюць розныя. Калі вы ўсё ж вырашылі ехаць, папярэдзьце сваякоў — куды ў выпадку затрымання звяртацца: дайце кантакты «Вясны», BYSOL. І памятайце: мы як арганізацыя не ўсёмагутныя. У нас няма чароўнай палачкі, каб людзей выцягваць. Калі ёсць магчымасць дапамагчы, дапамагаем, але далёка не заўсёды гэта атрымліваецца. Мы ўсё ж не турыстычнае агенцтва, якое можа ў любы момант даставіць чалавека з пункту А ў пункт B. Гэта заўсёды вельмі складаныя аперацыі, поспех якіх не гарантаваны.
Падтрымаць каманду BYSOL можна тут.