На цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая пройдзе 10 снежня ў мэрыі Осла, палітвязня Алеся Бяляцкага будзе прадстаўляць яго жонка Наталля Пінчук, паведамляе Нобелеўскі камітэт.
На цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі лаўрэатаў будуць прадстаўляць наступныя асобы, кожная з якіх скажа прамову і прачытае нобелеўскую лекцыю ад імені лаўрэатаў:
- ад імені беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага будзе выступаць яго жонка Наталля Пінчук;
- другога лаўрэата — расійскі фонд «Мемарыял» — прадстаўляе старшыня праўлення Ян Рачынскі;
- украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» будзе прадстаўлены яго кіраўніцай Аляксандрай Матвійчук.

Нагадаем, беларускі праваабаронца, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і палітвязень Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Разам з ім прэмію прысудзілі праваабаронцам з Расіі і Украіны — фонду «Мемарыял» і «Цэнтру грамадзянскіх свабод».
Пасла Беларусі (як і Расіі) на цырымонію ўручэння не паклікалі з прычыны расіскага ўварвання ва Украіну. Затое запрасілі лідарку беларускіх дэмакратычных сіл Святлану Ціханоўскую.
Алесь Бяляцкі дзесяцігоддзямі выступаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі і адстойваў правы палітвязняў. Цяпер ён зноў за кратамі.
Год яго пратрымалі ў ізалятары, нібыта за нявыплату падаткаў. У верасні гэтую справу спынілі, але следства выставіла новае абвінавачанне. Цяпер Бяляцкага і яго калег па праваабарончым цэнтры «Вясна» абвінавачваюць у кантрабандзе буйной сумы грошай, арганізаванай групай асоб, і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Нягледзячы на новыя ўводныя, прэтэнзіі дзяржавы застаюцца на тую ж суму, што фігуравала ў першай справе. Санкцыя самага суровага артыкула абвінавачання прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.