Пайшла з жыцця вядомая блогерка і жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі Надзея Мялешка. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў яе Instagram. Надзея некалькі гадоў змагалася з анкалагічным захворваннем.
— Калі вы чытаеце гэты пост, значыць, мяне ўжо няма тут, на гэтай зямлі. Мая душа дзесьці далёка, і мне больш не балюча, — сказана на яе старонцы ў Instagram. — Я папрасіла каманду выкласці яго ў той дзень, калі сыду. Ведаеце, я пражыла такое слаўнае жыццё, у ім было столькі цудаў, дзівосных людзей, у ім было сапраўднае каханне, шчаслівае мацярынства, творчасць, шчырае сяброўства.
У допісе Надзея расказала, што ў сярэдзіне красавіка ў яе выйдзе кніга. У ёй — яе «шчырая гісторыя барацьбы і шчасця насуперак страшнаму дыягназу».
— Я змагалася столькі, колькі магла. Да апошняга свайго ўздыху, але… — напісана ў пасце. — Прыйшоў час развітвацца. Дзякуй, што былі са мной. Дзякуй за сотні тысяч добрых словаў, цёплых абдымкаў, веры ў мяне.
Раней мы пісалі, што ў канцы снежня 2019 года Надзея Мялешка, якой тады было 32 гады, намацала ў сябе ўшчыльненне ў грудзях. Хвалявацца асабліва не стала: тры месяцы таму яна зрабіла УГД, якое нічога не паказала. Але ў выніку дыягназ аказаўся несуцяшальным — рак 3-й стадыі.
Пра барацьбу з ракам Надзея расказвала на сваёй старонцы ў Instagram з аўдыторыяй амаль у паўмільёна падпісчыкаў. Сваёй сілай і жыццялюбствам яна натхняла многіх не апускаць рукі нават у самых цяжкіх сітуацыях.